На керамічным пленэры пад Бабруйскам японка зляпіла часткі цела чалавека


На міжнародны пленэр па кераміцы «Арт-Жыжаль», які завяршаецца гэтымі днямі ў Бабруйскім раёне, з’ехаліся больш за два дзясяткі чалавек з 10 краін свету. Тэма сёлетняга пленэру: «Чалавек у навакольным асяроддзі».

Упершыню на пленэр прыехала мастачка з Японіі, якая зрабіла на «Арт-Жыжалі» цікавыя працы.

Юры Фукуока працуе асістэнткай выкладчыка ва Універсітэце мастацтваў у Осацы. На канцавую выставу пленэру яна падрыхтавала 3 працы – розныя часткі чалавечага цела, выкананыя абстрактна, і якія можна сумяшчаць.

«Вярнуўшыся дадому, я раскажу студэнтам тое, што я зразумела на пленэры: у мастацкай працы мусіць быць больш свабоды. І вядома ж, я паклічу сюды, у Беларусь, каб той, хто мае магчымасць, прыязджаў сюды і тварыў«.

Удзельнікі падкрэслівалі, што знаходжанне на прыродзе спрыяе натхненню, добраму настрою і цікавым ідэям.

Адной з галоўных падзеяў пленэру было абпалу працаў. Майстры вельмі хваляваліся, бо пад уздзеяннем высокай тэмпературы з іх працамі магло адбыцца што заўгодна – ніколі невядома, як будзе дакладна выглядаць керамічны выраб на выхадзе. Адна з цікавых канструкцыяў для абпалу на пленэры – бутэлькавая печка, пасля распальвання якой свецяцца ўбудаваныя бутэлькі.

Выніковая выстава пленэру пройдзе 30 ліпеня ў Бабруйскай мастацкай галерэі.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары