На грошы, якія сабралі на суботніку, пабудуюць цэнтр БРСМ


Фота: virtualbrest.by

Берасцейскія актывісты патрабуюць ад мясцовых уладаў накіраваць сродкі на будаўніцтва школы або дзіцячага садка.

Паводле прадстаўніка берасцейскіх сацыял-дэмакратаў (БСДП Грамада) Ігара Маслоўскага, аблвыканкам вырашыў пабудаваць на грошы, сабраныя ў межах рэспубліканскага суботніку (Br 3 млрд), на патрыятычны цэнтр моладзі ў Берасцейскай крэпасці. Чыноўнікі матывуюць сваё рашэнне пастановаю ўраду ад 18 сакавіка 2016 г. № 214 «Аб правядзенні рэспубліканскага суботніку ў 2016 годзе».

Рэгіянальны апазіцыйны палітык нагадаў, што ў канцы красавіка партыя звярнулася ў берасцейскі аблвыканкам. Тады сацыял-дэмакраты спрабавалі высветліць, чым кіраваўся старшыня аблвыканкаму Анатоль Ліс, калі прымаў рашэнне пабудаваць цэнтр БРСМ.

Берасцейскія апазіцыянеры прапанавалі накіраваць грошы на будаўніцтва дзіцячых садкоў і школаў у Берасці. Паводле аддзелу адукацыі, спорту ды турызму адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасця, на месцы ў дашкольных установах у 2016/2017 навучальным годзе прэтэндуюць 3652 дзіцяці, а ўстановы дашкольнай адукацыі могуць прыняць толькі 600 дзяцей.

«Мы звярнуліся да папулярных берасцейскіх суполак у сацыяльных сетках «Однокласники» і «УКантакце» з прапановаю правесці галасаванне. Прапанова накіраваць сродкі на будаўніцтва дзіцячых садкоў і школ падтрымалі больш за 94 % людзей, а прагаласавала 5000», – кажа Ігар Маслоўскі.

Берасцейскія актывісты пачынаюць збор подпісаў пад зваротам у Палату прадстаўнікоў і Савет міністраў з прапановаю запланаваць у бюджэце на 2017 год сродкі на будаўніцтва ўстановаў дашкольнай адукацыі ў Берасці.

ЮВ, belsat.eu, паводоле naviny.by

Стужка навінаў