На гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову за два дні міліцыя склала шэсць пратаколаў


Паводле Ларысы Шчыраковай, 24 сакавіка міліцыянты чакалі яе каля дому і ўручылі позву на 25 сакавіка ў РАУС, а таксама ў пракуратуру. Але 25 сакавіка ў Гомлі праходзіла акцыя недармаедаў, і журналістка вяла онлайн.

Пасля мітынгу яе затрымалі. Міліцыянты адвезлі журналістку ў пракуратуру, дзе ёй уручылі афіцыйнае папярэджанне за недапушчальнасць парушэння заканадаўства і супрацу з «Белсатам» без акрэдытацыі.

З пракуратуры Шчыракову павезлі ў РАУС, дзе склалі яшчэ два пратаколы – за няяўку па позве і незаконны выраб прадукцыі СМІ (артыкул 22.9 КаАП). У дадатак ёй уручылі позву на яўку ў міліцыю 26 сакавіка.

«Раніцай 26 сакавіка я выехала на аўто ў РАУС, але мяне спынілі супрацоўнікі ДАІ, якія паведамілі, што я ў вышуку – нібыта паводле заявы маёй маці. І сказалі, што мне варта ехаць у РАУС, куды я і ехала. У аддзеле мяне трымалі каля чатырох гадзінаў і ўвесь час складалі пратаколы», – распавяла журналістка.

26 сакавіка на яе склалі адразу некалькі пратаколаў: за няяўку, а фактычна за спазненне ў міліцыю; за пясок каля яе кватэры; за адсутнасць рэгістрацыі на сабаку. Таксама склалі пратаколы па артыкуле 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ).

«Дзмітрый Волкаў з інспекцыі па справах непаўналетніх пагражаў, што адбяруць майго сына», – дадала Шчыракова.

Паводле ўсіх пратаколаў журналістка адмовілася даваць тлумачэнні.

Апошні раз журналістку-фрылансерку з Гомлю, якая супрацоўнічае з «Белсатам», судзілі за ўдзел у Маршы недармаедау ў Рагачове 12 сакавіка. Паводле рашэння старшыні суду Гомельскага раёну Раісы Васільеўны Кавалевіч нашая калега павінная выплаціць Br 161 (7 базавых).

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары