На Гомельшчыне пабудавалі дарогу, горшую, чымся бездараж


 У краму, на прыпынак, на працу – вось па адмысловых кладках. Жыццё людзей у пасёлку Юбілейны, што пад Гомлем, пасля кожнага дажджу пераўтвараецца ў пакуты.

Фота – tvk-uko.kz

«Праблема ў тым, што я не магу прайсці дамоў, лужыны стаяць. У мокрых ботах прыходжу дамоў», – скардзіцца мужчына.

«Хочам, як у горадзе, на абцасах прайсці, а не ў ботах», – кажуць жанчыны.

А гэта пакуль толькі мары. Дарожная гісторыя Юбілейнага цягнецца ўжо трыццаць гадоў. Пасля пабудовы ў пасёлку шматкватэрных дамоў іх жыхары марылі пра сапраўдную дарогу. Справу зрушыла з месца толькі два гады таму. Асфальт каля будынкаў пачала класці арганізацыя ДРСУ-113. На гэтым радасць жыхароў Юбілейнага скончылася.

«Калі клалі гэтую дарогу, не было ніякай падсыпкі, паклалі на голыя пліты. Я казаў ім, што ўхілы трэба захоўваць», – распавядае Аляксей Варажбіцкі, жыхар пасёлку.

«Шчэбенем пасыпалі навакол. Пад асфальтам яго няма», – зазначае Валянціна Смаль, мясцовая жыхарка.

Абураныя людзі звярнуліся ў Гомельскі абласны выканаўчы камітэт. У выніку адмысловая камісія зрабіла экспертызу. Адмыслоўцы знайшлі памылкі і ў праекце, і ў яго рэалізацыі. Цяпер каля двухсот метраў асфальту неабходна выраўняць. Аднак на гэта ў раёне няма грошай. Звароты і скаргі людзей да самых розных абласных і раённых уладаў не далі выніку.

«Куча папераў, адпіскі. Мы звярнуліся ў раённую пракуратуру, каб узялі каштарыс, узялі пробы, што на голую зямлю паклалі асфальт. Ніхто нас не чуе! Хто будзе адказваць за матэрыяльныя страты ў немалых сумах? Ніхто не хоча несці адказнасці», – дзеліцца Валянціна Смаль.

І адкрыта размаўляць. Прыезд у Юбілейны журналістаў адразу занепакоіў мясцовыя ўлады. На месца сустрэчы з жыхарамі ў суправаджэнні ўчастковага з’явіўся намеснік старшыні Улукаўскага сельсавету. У гасцей праверылі дакументы, а вось адказу на пытанне, калі скончацца пакуты людзей, – не далі.

Жыхары: «А чаму старшыні сельсавету зрабілі дарогу?»

Намеснік старшыні сельсавету: «Калі вы хочаце пра гэта паразмаўляць, прыходзьце, паразмаўляем».

Пакуль жа ў Юбілейным мусяць спраўляцца самі. Каб хоць неяк адвесці ваду, людзі выкапалі адмысловы канал. У далейшых планах – новыя скаргі ды патрабаванні сустрэчы з чыноўнікамі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў