На Глыбоччыне знайшлі камень, які можа стаць адным з самых вялікіх у Беларусі


Амаль 7 метраў даўжыні ды больш як чатыры – шырыні. Гэты валун ля вёскі Хралы на Глыбоччыне можа стаць адным з самых вялікіх у Беларусі. Знаходку дэманструе жыхар вёскі Віктар Жаваранак, які даведаўся пра вялізны камень ад мясцовых леснікоў.

ВІКТАР ЖАВАРАНАК, ЖЫХАР ВЁСКІ ХРАЛЫ:

«Я яго апрацаваў у гэтым годзе вясною. Памералі і зацікавіліся ў тым плане, што ён вялікі і таму прэтэндуе на нейкае месца ў Беларусі!»

На гэты момант самым вялікім валуном у Беларусі лічыцца «Чортаў камень» ля вёскі Горкі Шумілінскага раёну на Віцебшчыне. Ягоная даўжыня налічвае 11 метраў, а бачная вышыня – амаль тры. Прыкладна на столькі ж паўстае над зямлёю і валун, знойдзены на Глыбоччыне.

ВІКТАР ЖАВАРАНАК, ЖЫХАР ВЁСКІ ХРАЛЫ:

«Патэлефанавалі ў Акадэмію навук У Менск, з цяжкасцямі. І зацікавіўся там нехта, казаў, прыеду ў чэрвені. Але я так яго і не дачакаўся».

А таму валун – дагэтуль у чаканні навукоўцаў, якія змогуць вызначыць ягоны дакладны памер і вартасць. Зрэшты, і без гэтага, каменны волат ужо стаў мясцовай славутасцю.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў