На гендырэктара буйной страхавой кампаніі завялі крымінальную справу


Топ-мэнеджара страхавой кампаніі «Бі энд Бі іншурэнс Ко» падазраюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Як паведамляе прэс-служба міліцыі, крымінальная справа ч.2 арт. 233 КК Беларусі (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) была распачатая 25 чэрвеня пракуратурай па матэрыялах крымінальнай міліцыі.

11 красавіка Міністэрства фінансаў спыніла дзеянне ліцэнзіі на права ажыццяўлення страхавой дзейнасці «Бі энд Бі іншурэнс Ко». Гэта была адна з найбуйнейшых у краіне страхавых кампаніяў.

«У парушэнне заканадаўства ў галіне страхавання гендырэктар кампаніі арганізаваў працу па далейшым прыцягненні да страхавання аўтатранспартных сродкаў новых кліентаў шляхам складання і падпісання дадатковых пагадненняў да раней заключаных страхавых полісаў», – распавялі праваахоўнікі.

Усяго аператыўнікі зафіксавалі 294 такія факты.

Паводле сілавікоў, гендырэктар ажыццяўляў незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, у выніку якой нелегальна атрымаў даход на суму звыш 170 000 рублёў. Топ-мэнеджару пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Кампанія «Бі энд Бі іншурэнс Ко» працуе на беларускім рынку з 1995 года, з’яўляецца адным з актываў бізнесоўца Барыса Медніка.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў