На Гарадзеншчыне пасадзілі лес у гонар Васіля Быкава


«Лес – не Савецкая плошча», – кажуць ляснічыя. – «Можна даць імя кагосьці без лішняй бюракратыі».

У Гарадзенскім лясніцтве вырашылі запачаткаваць новую традыцыю – называць новыя ўчасткі лесу ў гонар выбітных людзей рэгіёну. Цяпер гектар участка маладога лесу ў Індурскім лясніцтве будзе насіць імя беларускага пісьменніка.

«Тут жылі і Максім Багдановіч, і шмат яшчэ годных павагі і памяці людзей, якія пакінулі частку сябе ў нашым горадзе ды ваколіцах. У лесе мы можам без лішняй бюракратыі пасадзіць дрэвы і назваць ўчастак імем кагосьці. Гэта Савецкую плошчу перайменаваць у плошчу Быкава цяжэй», – распавёў кіраўнік лесагаспадарчага аддзела Гарадзенскага лясгасу Аляксей Гарохаў у размове з «Тваім стылем».

«І загад ёсць, і пастанова калегіі. Штогод рэкамендуюць 2-3 участкі рабіць памятнымі, у гонар значных людзей або падзеяў, – пацвердзіў словы калегі Вячаслаў Міскевіч, галоўны ляснічы Гарадзенскага лясгасу.

ДД, belsat.eu; фота: «Твой стыль»

Стужка навінаў