На Гарадзеншчыне няма аніводнага ўцекача з Украіны?


Прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) у Беларусі Жан-Іў Бушардзі наведаў Горадню з афіцыйным візітам. Ён наведаў шэраг установаў, сустрэўся з перасяленцамі з Украіны ды пагутарыў з журналістамі.

Дзве сустрэчы – з перасяленцамі ды прэсай – фактычна наклаліся адна на адну, таму журналісты маглі паслухаць таксама размовы ўкраінцаў з прадстаўніком ААН. Большасць пытанняў датычліся перспектываў працаўладкавання ды мажлівасці атрымання пенсіі ў Беларусі.

Цяпер на Гарадзеншчыне пражывае 5000 грамадзянаў Украіны, якія пакінулі сваю Радзіму праз вайсковыя дзеянні на ўсходзе. Пры гэтым ніводзін з іх так і не атрымаў статусу ўцекача. Як патлумачылі журналістам, украінцы збольшага самі не імкнуцца атрымаць такі статус, а просяць толькі пра часовую абарону, каб пасля вярнуцца дадому.

«Акрамя статусу ўцекача ў Беларусі ёсць яшчэ дзве дадатковыя формы абароны, – тлумачыць кансультант з службы па кансультаванні ўцекачоў Юлія Анішчык, – гэта часовая і дадатковая формы. Часовая даецца мігрантам, якія прыязджаюць масава, чаго яшчэ не было ніколі. Дадатковая даецца на адзін год – ёй зазвычай і карыстаюцца ўкраінцы».

Агулам Беларусь за час канфлікту ва Украіне прыняла каля 160 000 вымушаных перасяленцаў, у асноўным з Данеччыны і Луганшчыны. Для краіны, як адзначыў Бушардзі, гэта было сурёзным выпрабаваннем, бо прыехалі гэтыя людзі за кароткі перыяд часу.

Прадстаўнік ААН паабяцаў, што будзе падымаць пытанне аб працаўладкаванні перасяленцаў на сустрэчы з абласным саюзам наймальнікаў. Часам, як высветлілася, беларускія наймальнікі не хочуць працаваць з уцекачамі менавіта таму, што самі не ведаюць, ці маюць на гэта права.

Для бежанцаў з Сірыі, як адзначыў Бушардзі, Беларусь зараз не з’яўляецца надта прывабнай краінай – перадусім праз цяжкае эканамічнае становішча ў параўнанні з краінамі Еўразвязу.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў