На гарачай патэльні: ідэолагі Мінабароны спрабуюць абараніцца пасля піяр-правалаў «Захаду-2017»


Жанр самаапраўдання стаў тыповым для беларускай вайсковай прэсы ў апошнія два тыдні – замест таго, каб забяспечваць добры інфармацыйны фон для свайго ведамства ў краіне і ў свеце, піяршчыкі Мінабароны спрабуюць схаваць свае паразы, атрыманыя падчас сумесных з Масквой стратэгічных вучэнняў «Захад-2017».

Ужо як мінімум два артыкулы з самаапраўданнямі зʼявіліся толькі ў афіцыйным друкаваным органе Мінабароны – газеце «Во славу Родины» (так, беларуская вайсковая газета дагэтуль не мае беларускамоўнай назвы).

Нагодай для самаапраўданняў сталі жорсткія каментары беларускіх аналітыкаў у сферы бяспекі. Аказваецца, за іхнымі словамі ў незалежнай прэсе ў Мінабароны назіраюць – і гэтым разам вастрыня рэакцыі дзяржаўных функцыянераў інфармацыйнага фронту на крытыку перайшла ўсе чаканні.

Безабароннае Мінабароны

Што ж закідаюць піяршчыкам Мінабароны эксперты? Стратэгічнай мэтай Беларусі падчас «Захаду-2017» году было падкрэсліць сваю самастойнасць ад усходняга хаўрусніка. Гэта важнейшая задача абумоўлівае ў будучым стан дыпламатычных кантактаў Менску – як з іншымі суседзямі, гэтак і з ЗША, Еўропай, Кітаем.

Тут кіраўнікі інфармацыйных структур Мінабароны пацярпелі цяжкія паразы.

Улічваючы напружанасць, якая стварылася вакол буйных вучэнняў, беларускім вайсковым спецыялістам па інфарм-вайне трэба было мець загадзя падрыхтаваныя адказы на правакацыйныя паведамленні з любога боку. Бяда, відавочна, прыйшла адтуль, адкуль не чакалі.

Фота з сайту Мінабароны РФ

Ужо першы дзень вучэнняў пачаўся з паведамлення Мінабароны Расеі пра тое, што па трывозе паднятыя часткі Першай танкавай арміі і накіроўваюцца ў Беларусь – пры тым, што беларусы ўжо афіцыйна паведамлялі, што ўсе расейскія войскі ў краіну прыбылі.

Некалькі гадзінаў Масква такім чынам трымала Менск і палову кантынента ў напружанні – а піяршыкі ў пагонах палкоўнікаў не ведалі, што адказаць беларускім і міжнародным журналістам.

«Мінабароны Беларусі змагло адрэагаваць толькі праз 7 гадзінаў пасля зʼяўлення гэтай інфармацыі. Гэта значыць, што людзі ў Маскве, якія маглі б паставіць патрэбныя акцэнты, проста не палічылі патрэбным рэагаваць на запыты афіцыйнага Менска. То бок, па сутнасці, паказалі, што Беларусь не проста малодшы, а малазначны партнёр, які нічога не вырашае», – адзначыў кіраўнік праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў.

Фота з сайту Мінабароны РФ

«Наўрад ці гэта была памылка, думаю, гэта свядомы манеўр у межах інфармацыйнай вайны», – лічыць ваенны аглядальнік газеты «Беларусы і рынак» Аляксандр Алесін.

Улічваючы, што інфармацыйнае супрацьстаянне – адзін з ключавых складнікаў любога сучаснага канфлікту, аказваецца, што інфармацыйныя войскі Беларусі знаходзяцца ў зусім не лепшым стане.

Пытанне маштабу

Афіцыйнай пазіцыяй Беларусі адносна вучэнняў «Захад-2017» было тое, што гэта шараговыя вучэнні, якія нікому не нясуць пагрозы.

Аднак тыя, хто адказны ў Мінабароны за інфармацыйнае забеспячэнне, не адсачылі ў афіцыйных паведамленнях з Масквы, пра што нават цывільны аўтар гэтых радкоў казаў яшчэ некалькі месяцаў таму на канферэнцыі «Форума Астрагорскага» – адначасова з беларускай часткай «Захаду» будуць праводзіцца самыя маштабныя вучэнні амаль па ўсёй заходняй мяжы Расеі.

У выніку манеўры сталі ў вачах NATO і партнёраў NATO выглядаць зусім не так, як пра тое казаў Менск. Словы афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, такім чынам, сталі каштаваць менш – беларусы аказаліся ў вачах назіральнікаў або хлусамі, або небаракамі пад маскоўскім кантролем, меркаванні якіх Масква проста ігнаруе.

Гэтыя адчуванні і правакацыі трэба было ўлічыць, на іх трэба знайсці адэкватны адказ, які абароніць пазіцыю Беларусі ад папрокаў і падазрэнняў. Нічога зроблена не было.

Праграма «Арсенал» «Ваен-ТБ Беларусі таксама спрабуе заспакоіць сумленне свайго начальства.

Акрамя Масква правяла вайсковыя мерапрыемствы, пра якія ўвогуле папярэдне не паведамлялася.

«Расейцы нечакана для Лукашэнкі разгарнулі значна большыя вучэнні, чым чакалася па першапачатковым плане. Расейскі бок дадаў да «Захаду-2017» цэлы шэраг манеўраў, вучэнняў, якія першапачаткова не планаваліся. Сярод іх – пуск ракеты «Іскандэр» на поўную далечыню», – кажа Аляксандр Алесін.

На гэтым фоне праблемы з акрэдытацыяй журналістаў ці ўжо з дастаўкай акрэдытаваных на палігоны – чым павінны былі займацца тыя ж інфармацыйна-ідэалагічныя падраздзяленні Мінабароны – выглядаюць дробязямі.

План па вале. Вал па плане

На крытыку сталі гучаць адказы ў такім жа непрафесійным чыста савецкім стылі «нашы сталевары выплавілі 100 тысяч тон металу» і «на чый млын лʼюць ваду ворагі народу».

Сам палкоўнік Уладзімер Макараў, начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны, апублікаваў расейскамоўны артыкул з неўцямнай назвай «О диких криках озлобленьяПочему «отечественные» оппоненты власти питаются горчицей».

Уладзімір Макараў

У артыкуле функцыянер, крэсла пад якім, відавочна стаіць ужо стаіць не так надзейна, ані словам не адказаў на канкрэтную крытыку падраздзяленняў, якімі камандуе.

Затое чамусьці вырашыў апраўдацца тым, што «галоўнакамандуючым праца журналістаў ацэненая як бліскучая», ягоны «рэйтынг вырас», згадаў адразу пра Майдан, псіхічныя хваробы, мёртвага Паўла Шэрамета, суды шарыяту і будучы «крах апанентаў улады». Ахвочыя могуць ацаніць гэтую дзіўную для афіцэра бессістэмную плынь свядомасці па спасылцы.

Акрамя таго палкоўнік, чый твар быццам бы павінен падвышаць давер да заяваў беларускага Міністэрства абароны, паўтарыў старую байку савецкіх часоў, што былы міністр абароны ЗША Джэймс Фарэстал быццам бы выкінуўся з вакна з крыкам «Расейцы ідуць». Улічваючы, што прыдуманая ў СССР казка даўно зняпраўджаная, у чым можна пераканацца проста маючы «Google», чыноўнік у пагонах трансляцыяй хлусні, наадварот, падрывае давер для вайсковых СМІ, якімі кіруе.

Неразуменне сутнасці інфармацыйнага супрацьстаяння паказала і папярэдняя публікацыя «Во славу Родины». Такое ўражанне, што аўтар ацэньвае перамогу ці паразу па колькасці надрукаваных баявых лісткоў:

«Усе складнікі вайсковай інфармацыйнай медыямашыны адпрацавалі падчас вучэння выдатна – вось вам лічбы і факты. Агульная колькасць афіцыяльных матэрыялаў у СМІ зараз перавысіла колькасць матэрыялаў, якія былі апублікаваныя па выніках усіх сумесных вучэнняў Расеі і Беларусі разам узятых. Толькі на рэспубліканскіх тэлеканалах выйшлі ў эфір 393 сюжэты агульнай працягласцю 19 гадзін 34 хвіліны. Друкаваныя СМІ апублікавалі 182 матэрыялы, у інтэрнэце такіх было больш за 500!».

Аргументуючы вось такімі «фактамі», аўтар лічыць, што інфармацыйныя войскі Беларусі ніяк не маглі прайграць інфармвайну. »Засвоеныя« кілаграмы паперы, гігабайты відэа! Вал па плане!

Больш за тое, калі лічыць па гэтых публікацыях, функцыянеры – ідэолагі проста не бачаць ані праціўніка, ані тых правакацыяў, якія адбыліся. Проста не разумеюць, якія інтарэсы Беларусі трэба абараняць у сусветнай інфармацыйнай прасторы, ад чаго, і як.

Савецкія палітрукі няздольныя працаваць

Вайсковыя ідэолагі, якія ў нас адначасова працуюць афіцыйнымі прадстаўнікамі беларускай арміі і павінны распрацоўваць стратэгіі інфармацыйнай абароны краіны, ужо не першы раз дэманструюць свой непрафесіяналізм.

«У першую чаргу трэба навучыцца рэагаваць на інфармацыйныя і палітычныя правакацыі. А тут як раз мы ўпіраемся ў якасць кадраў, якія адказваюць за інфармацыйную палітыку ў Беларусі. Чыноўнікі Мінабароны прадэманстравалі поўную няздольнасць працаваць у новых умовах інфармацыйнай вайны. Неабходныя новыя кадры, прафесіяналы», – адзначае Андрэй Паротнікаў.

Летам палкоўнік Макараў ужо справакаваў на роўным месцы непатрэбны нікому канфлікт, назваўшы крытыкаў правядзення параду на 3 ліпеня «ідэйнымі нашчадкамі Вільгельма фон Кубэ», прадэманстраваўшы і няведанне беларускай гісторыі, і свой непрафесіяналізм.

«1970-я скончыліся, Брэжнеў памёр, а сценгазеты ўжо даўно ніхто не чытае. Новыя часы патрабуюць людзей з новым ладам мыслення», – падводзіць рысу «Belarus Security Blog».

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў