На галоўную тэлевежу Менскай вобласці можна патрапіць, мінуючы ахову


Двое жыхароў Менску забраліся на тэлевежу вышынёй 350 метраў, што знаходзіцца ў раёне пасёлку Калодзішчы і знялі працэс на відэа. Пры гэтым яны мінулі ахову, якая стаіць на ўваходзе на тэрыторыю тэлевежы.

Самі хлопцы называюць свой занятак модным словам «руфінг» а сябе – «руферамі». Такія людзі маюць незвычайнае хобі – забірацца на высотныя збудаванні. Звычайна яны здымаюць відэа для адмысловых блогаў у YouTube. Спасылку на відэа даслалі і ў рэдакцыю belsat.eu.

Тэлевежа ў Калодзішчах забяспечвае лічбавае тэлевяшчанне, рэтранслюючы на Менск і Менскую вобласць сігнал усіх дзяржаўных каналаў і радыё. Яна дасягае 350 метраў у вышыню і знаходзіцца пад аховай. За пранікненне на тэлевежу без дазволу прадугледжаная адміністратыўная адказнасць.

«На ўваходзе стаяў пост аховы, хтосьці з ахоўнікаў хадзіў па тэрыторыі яшчэ. Я нават сам не ведаю, як мы мінулі іх. Пакуль шукалі, з якога боку лепш забрацца, то стараліся не трапляцца на вочы. Ну а калі былі ўжо наверсе – не разумею, чаму нас не заўважыла ахова», – распавёў адзін з руфераў Іван Л.

Паводле слоў іншага аматара руфінгу, які забраўся на гэтую тэлевежу, паглядзеўшы відэа на YouTube-канале Івана, «ахова ёсць, але яна не глядзіць увогуле, сядзіць у белым доміку».

Мы звярнуліся ў прэс-службу РУП «Белтэлекам», бо ў сферу іх адказнасці ўваходзіць кантроль за тэлевежамі. Аднак там папрасілі накіраваць пісьмовы запыт, на які не адказалі ні ў дзень звароту, ні на наступны дзень. Прэс-сакратар адзначыла, што хуткага адказу «не гарантуе».

Невядома, ці ўваходзяць тэлевежы ў спіс стратэгічных аб’ектаў, бо гэтага спісу няма ў адкрытым доступе, ён прызначаны для ўнутранага карыстання праваахоўнікамі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў