На фоне «Захаду»: Нейтральная Швецыя ладзіць найвялікшыя вайсковыя вучэнні за 20 гадоў


Больш за 21 000 асобаў удзельнічаюць у гэтыя дні ў манеўрах «Аўрора 17» – шведскіх вайсковых вучэннях па абароне выспаў у Балтыйскім моры. Вучэнні праводзяцца адначасова з удзелам расейскага Балтыйскага флоту ў вучэннях «Захад-2017».

У чацвер 14 верасня пачаліся вайсковыя вучэнні «Захад-2017», якія адбываюцца на тэрыторыі Беларусі і Расеі, у тым ліку ў Калінінградзе, а таксама ў акваторыі Балтыйскага мора. Афіцыйна ў вучэннях удзельнічаюць каля 13 000 вайскоўцаў, аднак заходнія вайскоўцы і аналітыкі заяўляюць, што маштаб манеўраў заніжаны як мінімум у некалькі разоў.

На гэтым фоне Швецыя, якая шмат год скарачала вайсковыя выдаткі, праводзіць свае вучэнні – шведы разам з хаўруснікамі плануюць адбіваць атаку з усходу.

Мікаэл Бюдэн (другі злева) размаўляе з амерыканскімі вайскоўцамі. Фота – Мінабароны Швецыі

«Расея – гэта краіна, якая зараз уплывае на бяспеку ў Еўропе праз анексію Крыму і працягненне баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны. Зразумела, чаму мы гэтак шчыльна назіраем за тым, што робіць Расея», – адзначыў, распавядаючы пра трохтыднёвыя вучэнні, галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Швецыі генерал Мікаэл Бюдэн.

Вучэнні па нацыянальнай абароне «Аўрора 17» пачаліся 11 верасня з трэніроўкі службаў лагістыкі і забеспячэння. Потым адбудуцца выпрабаванні паветраных, марскіх і паветрана-дэсантных войск, цывільнай абароны, продуць сухапутныя манёўры. Вучэнні закончацца 29-га верасня.

Добра ўзброены нейтралітэт

Швецыя актывізавала развіццё сваіх узброеных сіл з 2014 года, калі сітуацыя ў сферы бяспекі ва Ўсходняй Еўропе рэзка пагоршылася ў сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны.

Адначасова шведскія войскі пры афіцыйнай палітыцы нейтралітэту сталі часцей удзельнічаць у сумесных вучэннях з краінамі-суседзямі. Такую ж палітыку праводзіць і пазаблокавая Фінляндыя.

Ролік пра вучэнні «Аўрора 17»

Вучэнні ладзяць не толькі дзеля таго, каб навучыць сваіх вайскоўцаў, але таксама і каб прадэманстраваць моц сваіх войскаў магчымаму праціўніку, адзначае ўстанова. Такім чынам адбываецца стрымліванне апетытаў агрэсара.

«Каб стрымліванне было эфектыўным, у яго павінны паверыць, яно павінна быць відавочным. Праз частыя і інтэнсіўныя вучэнні, асабліва з арміямі іншых краінаў, Швецыя ўзмацняе сваю здольнасць да стрымлівання, прымушае паверыць [агрэсара] у шведскую здольнасць абараніцца», – адзначаецца ў афіцыйнай заяве з нагоды манеўраў.

Швецыя прытрымліваецца ваеннай дактрыны татальнай абароны – гэта значыць у выпадку агрэсіі ўсё грамадства павінна ўдзельнічаць у абароне, пераўтвараючы краіну ў агульны вайсковы арганізм.



Мерапрыемствы па інфармаванні шведскіх школьнікаў пра службу ў арміі. Фота – Instagram Узброеных Сілаў Швецыі.

Цяпер Узброеныя сілы Швецыі налічваюць толькі 22.000 асобаў, яшчэ 34.000 служаць у Тэрытарыяльнай абароне. Дэмаграфічна краіна падобная на Беларусь – мае насельніцтва каля 10 мільёнаў, аднак выдаткоўвае на сваю абарону прыкладна ў 10 разоў больш сродкаў – каля $6 мільярдаў на год.

У выніку анексіі Крыму Швецыя таксама прыняла рашэнне зноў вярнуцца да ўсеагульнай вайсковай павіннасці – якая была адмененая пасля заканчэння Халоднай вайны.

«Мы – незалежная краіна, якая адказная за сваю ўласную абарону. І мы робім гэта супольна з іншымі [краінамі] у гатовасці дапамагаць і атрымаць дапамогу», – кажа шведскі галоўнакамандуючы.

Гарачы подых мядзведзя

«Змены да горшага ў нашым рэгіёне яўна ілюструюць, што Швецыя павінна быць гатовай адрэагаваць на розныя варыянты развіцця падзеяў. Таму мы гэтай восенню праводзім агульнадзяржаўныя вучэнні “Аўрора 17″… Мы павялічваем калектыўныя абарончыя здольнасці адбіваць узброеную агрэсію супраць Швецыі», – гаворыцца ў афіцыйным роліку міністэрства абароны краіны.

У вучэннях разам з 19 000 шведскіх вайскоўцаў удзельнічаюць каля 1 500 жаўнераў з ЗША, Францыі, Нарвегіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Літвы.

Шведскі карвет класу «Вісбі». Фота – Мінабароны Швецыі

«Аўрора 17» праходзіць на зямлі, на вадзе і ў паветры з удзелам вайсковых частках з усёй тэрыторыі Швецыі. Акрамя вайскоўцаў у аперацыі будуць удзельнічаць і цывільныя дзяржаўныя ўстановы, якія маюць прадэманстраваць і павялічыць сваю здольнасць рэагаваць на надзвычайную сітуацыю вонкавай агрэсіі.

Цэнтрам вучэнняў будзе выспа Готланд, стратэгічнае значэнне якой у Балтыйскім моры немагчыма пераацаніць, адзначыў камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе генерал-лейтэнант Бен Ходжэс.

Шведская баявая машына пяхоты CV90 падчас вучэнняў. Фота – Мінабароны Швецыі

«Расея змяніла сітуацыю ў сферы бяспекі. Нам трэба на гэта рэагаваць, не толькі амерыканцам, але і ўсяму НАТО. Краіны, якія бліжэй за ўсё да мядзведзя, маюць гістарычны досвед. Яны адчуюць ягоны гарачы подых – і найбольш занепакоеныя гэтым», – сказаў амерыканскі вайсковец.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў