На фоне крызісу ў Персідскай затоцы Катар закупіць у ЗША знішчальнікаў на $ 12 млрд


Катар закупіць у ЗША знішчальнікі F-15 на агульную суму 12 мільярдаў долараў. Адпаведнае пагадненне падпісалі міністры абароны дзвюх краін. У бліжэйшы час у Доху будуць накіраваны 36 знішчальнікаў.

Пра гэта паведамляе радыё «Свобода».

Кангрэс ЗША ўхваліў здзелку на пастаўку знішчальнікаў Катару ў лістападзе 2016 года. Паводле кантракту, Доха закупіць у Вашынгтона 72 баявыя машыны. Амерыканскі бок таксама мусіць забяспечыць тэхнічнае абслугоўванне самалётаў і навучыць пілотаў.

Сродкі масавай інфармацыі адзначаюць, што інфармацыя аб кантракце апублікаваная на фоне дыпламатычнага крызісу ў Персідскай затоцы. З пачатку чэрвеня ўжо 10 краін разарвалі дыпламатычныя стасункі з Катарам. Сярод іх – Саудаўская Аравія, Егіпет, Бахрэйн, Йемен і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Катар абвінавачваюць у падтрымцы тэрарызму і дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў арабскіх дзяржавах.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў