На «Еўрабачанні-2016» Беларусь прадставіць выканаўца IVAN, прадзюсар якога – Віктар Дробыш


Аляксандр Іваноў, які выступіў пад псеўданімам IVAN, выйграў нацыянальны адборачны тур міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2016» і будзе прадстаўляць Беларусь на песенным форуме ў Швецыі ў траўні.

Аляксандр Іваноў не ў першы раз на сцэне. Ён перамог у расейскім конкурсе «5 зорак», стаў суперфіналістам «Галоўнай сцэны» і ўладальнікам прэміі прадзюсараў у гэтым жа праекце. Песню «How to Fly» («Як лётаць»), з якой Аляксандр паедзе на Еўрабачанне, для яго напісаў вядомы кампазітар Віктар Дробыш, які спачатку апекаваўся маладым беларускім выканаўцам на праекце «Галоўная сцэна», а потым стаў ягоным прадзюсарам.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў Віктару Дробышу ордэн Францыска Скарыны за «высокі ўзровень творчасці, значны асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне беларуска-расейскіх культурных сувязяў».

Фінал адборачнага туру адбыўся ўвечары 22-га студзеня ў Белтэлерадыёкампаніі. Акрамя Аляксандра Іванова, у ім узялі ўдзел яшчэ 9 выканаўцаў: Аляксей Грос, Анастасія Малашкевіч, Валерыя Садоўская, Кірыл Ермакоў, Саша Захарык, групы «Радыёхваля», «THE EM», «NAVI», «NAPOLI».

У гэтым годзе правілы выбару пераможцы ізноў былі змененыя. Калі год таму агульны вынік галасавання за кожнага ўдзельніка складаўся з васьмі адзнак, з якіх сем ставілі чальцы журы, а адну гледачы, то цяпер галасавалі толькі гледачы з дапамогай тэлефоннага і СМС-галасавання. На яго ў гэты раз было адведзена 30 хвілін, утрая больш, чым летась.

Партнёр нацыянальнага адборачнага тура «Альфа Банк» заахвоціў свайго фаварыта – групу «NAVI» з песняй «Гэта зямля», адзінага прэтэндэнта, які выступіў на беларускай мове, – грашовым прызам і вячэрай у адным з менскіх рэстаранаў.

Сёлета на нацыянальны адборачны тур «Еўрабачання» ў Белтэлерадыёкампанію паступіла больш за 100 заявак як ад выканаўцаў, гэтак і ад аўтараў песень. Праслухоўванне прайшоў 91 прэтэндэнт (сольныя выканаўцы і калектывы), затым адабралі 10 фіналістаў. Сярод вядомых музыкаў, якія не прайшлі ў фінал – гурты «Песняры», «Чысты голас», «Аўра», спявачка Жанет, Віталь Карпанаў (гурт «Дразды») і іншыя.

Беларусь удзельнічае ў «Еўрабачанні» з 2004-га года, у фінал краіна прабівалася чатыры разы. Летась прадстаўнікі Беларусі на «Еўрабачанні-2015» – дуэт «Uzari & Maimuna» занялі 12-е месца ў паўфінале і ў фінал конкурсу не выйшлі. Найлепшы вынік сярод беларусаў – шостае месца – быў у Дзмітрыя Калдуна ў 2007-ым годзе.

«Еўрабачанне-2016» пройдзе ў Стакгольме ад 11 да 14 траўня.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў