На дзіцячым турніры ў Пінску футбольная каманда з Масквы сарвала фінал і разбіла кубак


Масквічоў дыскваліфікавалі ў Пінску за мацюкі. Расейцы таксама абзывалі беларусаў «калгаснікамі».

З 12-га да 15-га жніўня ў Пінску праходзіў дзіцячы футбольны турнір памяці знакамітага пінскага трэнера Уладзіслава Леўнікава. На спаборніцтвы былі запрошаныя футбалісты 2001-2002 года нараджэння. На турнір прыбылі вучні Пінскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву (СДЮШАР), выхаванцы каманды «Дынама» (Менск) і спартовых школ Строгіна (Маскоўскі раён, Расея) і Санкт-Пецярбургу (Расея).

У фінале пінчукі змагаліся з масквічамі і за 10 хвілін да канца матчу пачалі перамагаць іх з лікам 3:2. Раптам 14-гадовы гулец расейскай каманды пачаў лаяцца на суддзю і ў выніку быў выдалены з поля.

«Мы перамагалі ва ўсіх матчах, аднак апошні – з масквічамі – не дагулялі, – распавёў гулец мясцовай спартовай школы Уладзь Красоўскі. – Футбаліст супернікаў пачаў лаяцца на суддзю, той паказаў яму жоўтую картку. Пасля гэтага ён не супакоіўся, а працягнуў спрачацца, яшчэ і нецэнзурна. Суддзя яго выдаліў. Тут разышоўся яшчэ адзін масквіч. Выдалілі і яго. У выніку мы не дагулялі. Іх трэнер тады сказаў: «Усё, заканчвайце, падыходзьце сюды». Яны сышлі ў распранальню».

Падчас свайго сыходу адзін з расейскіх падлеткаў перавярнуў столік з узнагародамі і разбіў кубак.

Паводле пінскіх трэнераў, іх маскоўскі калега ўсяляк падбухторваў сваіх гульцоў, неаднаразова выбягаў на поле, за што суддзя пагражаў яго выдаліць са стадыёну. Акрамя таго, цягам усяго турніру масквічы па-хамску сябе паводзілі і абзывалі беларусаў «калгаснікамі».

У выніку каманда са Строгіна (Маскоўскі раён, Расея) атрымала дыскваліфікацыю і пакінула Пінск.

ВМ, паводле tribuna.com

Стужка навінаў