На будпляцоўцы гандлёва-забаўляльнага комплексу ў Горадні знойдзены парэшткі савецкіх жаўнераў


У нядзелю, 11 лютага, у мікрараёне Вішнявец на тэрыторыі будаўніцтва новага гандлёва-забаўляльнага цэнтру Triniti будаўнічыя адкапалі парэшткі пяці чырвонаармейцаў. Хутчэй за ўсё, гэта загінулыя салдаты, якія ўдзельнічалі ў абароне гораду ў 1941-м годзе.

На ўзвышэнні, дзе плануецца пабудаваць шумаізаляцыйныйны плот, будаўнічыя наткнуліся на чалавечыя парэшткі. Акрамя іх былі знойдзены вайсковыя каскі, кацялкі, кішэнны гадзіннік, медаль, патроны, фрагменты ствалоў і процівагаз. Усе рэчы паходзяць з часоў Другой сусветнай вайны.

«Тут загінуў амаль цэлы полк»

Пошукавыя работы на месцы знаходжання парэшткаў савецкіх вайскоўцаў, якія абаранялі горад у 1941-м годзе. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Парэшткі савецкіх вайскоўцаў, якія абаранялі горад у 1941-м годзе. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Гарадзенскі гісторык Зміцер Люцік упэўнены, што парэшткі належаць салдатам 85-й стралковай дывізіі, якія загінулі там у 1941-м годзе.

«21 і 22 чэрвеня на гэтай тэрыторыі ў раёне вёсак Солы і Гнойніца (сучасны раён Вішнявец) знаходзілася вайсковая частка. Праз пару дзён 25 чэрвеня тут пачаліся вельмі жорсткія баі, з мэтай адбіць горад у немцаў. Салдаты Чырвонай арміі пад абстрэлам ішлі на штурм і мелі вельмі вялікія страты, але горад адбіць не ўдалося. Паводле ўспамінаў, тут загінуў амаль цэлы полк, каля паўтары тысячы салдат. Гэта былі салдаты, прызваныя з розных куткоў СССР, якія загінулі без звестак. Знойдзеныя самазарадныя вінтоўкі сведчаць, што гэта менавіта 41-ы год», – кажа гісторык Зміцер Люцік.

«Уцякала ад рова да рова з параненай аскепкам нагой»

Недалёка ад тэрыторыі новага гандлёва-забаўляльнага цэнтру знаходзіцца вёска Солы, якая зараз з’яўляецца часткай гораду. У 41-м годзе тут стаяў адзін дом, побач з якім мясцілася вайсковая частка. Яго жыхарка дагэтуль жыве ў Солах. Марыя Баляславаўна Дамброўская нарадзілася ў 1936-м годзе і добра памятае баі 41-га года. Яшчэ ў 39-м годзе разам з бацькам яны жылі ў Аўгустоўку, а калі пачалася вайна бацька сышоў у войска, а маці спадарыні Марыі разам з дзецьмі забраў дзед і прывёз у Солы. Тады іх хата была адзіночным хутарам, недалёка якога стаялі савецкія войскі. Марыя Баляславаўна добра памятае, як разам з маленькім брацікам яны кралі ў вайскоўцаў драўляныя домікі з плана мясцовасці і гуляліся імі замест цацак.

Жыхарка суседняй вёскі Солы, Марыя Баляславаўна, якая памятае баі ў 1941-м годзе. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Мне тады годзіка чатыры было. Бамбіць пачалі летам і нашыя салдаты ўцякалі голыя ў лес у адной бялізне. Немцы ж уначы пачалі бамбіць. Хто ведаў? Памятаю беглі з аднаго яра ў другі пад абстрэламі. Тут нават з горада людзі прыязджалі і тут хаваліся. Маці гатавала ім есці. Потым мы таксама ўцякалі. Мне аскепак у нагу трапіў. Беглі да Нёмана. А мост жа ўзарвалі. Але там столькі было трупаў салдат і коней, што людзі па іх раку пераходзілі», – распавядае жанчына.

Спадарыня Марыя ўзгадвае, як пасля баёў яе маці здолела захаваць сцяг палка, аднак, што з ім здарылася потым у сям’і заставалася таямніцай. Маці баялася, што яе і дзяцей пакараюць нямецкія салдаты.

«Мы калі вярнуліся, хата была спаленая. Засталіся толькі мы трое, карова і тры курыцы. Каля нашай хаты недалёка было 3 чалавека забітых. Іх брат маёй мамы закопваў. Маці прыбірала тую магілку ўвесь час і казала, што тут салдацікі пахаваныя. А потым ужо тут бульдозерамі, эскалатарамі ездзілі. Мама выходзіла сварылася, але хто слухаў. Але ў пазамінулым годзе іх адкапалі. Я паказала дзе і аказалася, што іх трое было. Мне яшчэ дасталося ад суседзяў, што ў мяне язык часаўся», – кажа спадарыня Марыя.

На будпляцоўцы гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Як распавядае старэйшая жыхарка, калісьці казалі, што на тэрыторыі будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтра было пахавана 24 або 28 жаўнераў.

На дадзены момант рэчы салдат і іх парэшткі перададзены на экспертызу ва Упраўленне па ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў