На беразе Сожа адзначылі старадаўняе свята Купалле

photo

Цёплым сонечным вечарам на беразе Сожа ля вёскі Хальч, што на Веткаўшчыне, сабралася моладзь з гомельскай краязнаўчай суполкі «Талака». Прыехалі госці і з іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Украіны ды з Расеі.


На працягу дзесяцігоддзяў «талакоўцы» штогод збіраюцца ва ўрочышчы Зыбень, каб яскрава і незабыўна правесці кароткую купальскую ноч згодна з традыцыяй нашых продкаў. «Талака« з’яўляецца адной з самых старых беларускіх этнаграфічных суполак. Сёлетняе Купалле каля Хальча было адметнае і тым, што арганізацыя святкавала сваё 30-годдзе.

Купалле ва ўрочышчы Зыбень святкуюць з задорам, і як патрабуе традыцыя – усю ноч. Гэта адно з самых вялікіх і містычных дахрысціянскіх святаў перамогі святла ў самую кароткую ноч над цемрай. Мяркуецца, што ў гэты дзень сонца, вада і зямля з яе расліннасцю дасягаюць самага магутнага энергетычнага росквіту. Менавіта таму шмат абрадавых элементаў прысвечаныя ачышчэнню агнём, вадой і травамі.

Kupalle_u_Gomelskay_Talaki_16

Kupalle_u_Gomelskay_Talaki_13

«Талакоўцы» водзяць карагоды і скачуць праз рытуальнае вогнішча, купаюцца ў рацэ, збіраюць травы і кветкі, якімі ўпрыгожваюць купальскае кола, браму і арэлі. Запальваюць пудзіла ведзьмы, перадаючы ёй усё дрэннае. Некаторыя гойдаюцца ў расе, у той час як хлопцы з дзеўчынамі думаюць пра здзяйсненне самых патаемных мараў і бавяць час за моладзевымі гульнямі і пошукам папараць-кветкі. Звычайна танцы пад дуду, спевы і гульні доўжацца ажно да самай раніцы, калі ўсе ідуць на бераг Сожа сустракаць усход сонца, адпускаць вянкі з жаданнямі і купацца ў купальскай вадзе.

Kupalle_u_Gomelskay_Talaki_08

Ёсць ва ўдзельнікаў свята і «свой» талакоўскі рытуал. Яго называюць «Келіх кола». Рытуал заключаецца ў тым, што звараным на вогнішчы крупнікам частуюць па чарзе ўсіх «талакоўцаў» і гасцей свята. А тыя ў сваю чаргу мусяць нешта распавесці пра сябе, свае адносіны да свята і да суполкі ці пажадаць нешта прысутным.

Kupalle_u_Gomelskay_Talaki_30

У гэтым годзе надвор’е не перашкаджала святкаванню Купальскай ночы. А вось Сож абмялеў. Ягоны бераг, які быў заўсёды прывабны для купання, стаў глеістым, таму пакупацца і пусціць вянкі па вадзе на Купалле вырашылі не ўсе. Але ўвогуле большасць удзельнікаў абраду, як і тысячу гадоў таму, за ноч ні разу не заплюшчылі вочы. Былі і тыя, хто знайшоў сваю сапраўдную папараць-кветку…

 

Kupalle_u_Gomelskay_Talaki_14

Kupalle_u_Gomelskay_Talaki_17

Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары