На берасцейскім вакзале беларусы пабіліся з чачэнцамі


Штурханіна пачалася ў цягніку Тэрэспаль–Берасце і працягнулася ў залі пашпартнага кантролю ў Берасці, паведаміла Belsat.eu надзейная ананімная крыніца.

Градус эмоцыяў мог вырасці праз затрымку цягніка Тэрэспаль–Берасце на польскім баку беларуска-польскай мяжы. «Цягнік стаяў паўтары гадзіны, бо палякі хацелі дэпартаваць чачэнца, а той упіраўся. Мне польскія памежнікі сказалі, што ён не хоча ехаць у Беларусь», – кажа відавочца.

Пасля «перамоваў» з польскімі памежнікамі чачэнец нейкім чынам уцёк. «У вакно было бачна мужыка, які бяжыць. За ім беглі памежнікі з сабакамі», – распавядае відавочца.

Ужо на беларускім баку мяжы, падчас праходжання пашпартнага кантролю, бойка паміж пасажырамі цягніка, які прыехаў з Польшчы, працягнулася.

«Беларусы пачалі крычаць на чачэнцаў, што яны брудныя і нацыя злачынцаў. І тут пайшло, паехала. Але былі і тыя, хто крычаў, што людзі розныя бываюць і гэта ксенафобія», – распавядае відавочца.

Паводле відавочцы, міліцыя затрымала каля 10 удзельнікаў бойкі.

Пацвердзіць інфармацыю пра колькасць затрыманых і іхную нацыянальнасць пакуль не ўдалося. У аддзяленні міліцыі Belsat.eu паведамілі, што цяпер вядзецца разбіральніцтва.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў