На Берасцейшчыне міліцыя выявіла адміністратара «групы смерці» і 35 яе ўдзельнікаў


У Баранавіцкім раёне знойдзены адміністратар «групы смерці» у сацсетках, у якой падбухторвалі непаўналетніх да дзеянняў, што носяць пагрозу для жыцця.

Пра гэта распавёў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Берасцейскага аблвыканкаму Генадзь Вайтовіч, піша TUT.by.

«Прааналізаваўшы спісы суіцыдальных груп, выявілі шэраг падлеткаў, якія пражываюць на тэрыторыі вобласці, якія могуць зʼяўляцца іх удзельнікамі», – заявіў Вайтовіч.

Ён таксама распавёў, што праваахоўнікі праводзяць праверку ў дачыненні да жыхара Баранавіцкага раёну, які зʼяўляўся адміністратарам адной з груп. Вырашаецца пытанне аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці.

Усяго ў Берасцейскай вобласці выяўлена 35 дзяцей і падлеткаў, якія былі ўдзельнікамі суіцыдальных груп. Міліцыя блакуе выяўленыя групы.

«Узрост хлопчыкаў і дзяўчынак ад 10 да 15 гадоў. З кожным з іх і з іх бацькамі працуюць спецыялісты-псіхолагі з адукацыі і аховы здароўя», – сказаў Вайтовіч.

Раней на Віцебшчыне распачаты тры крымінальныя справы ў сувязі з падлеткавымі «групамі смерці».

ІІ, паводле TUT.by, belsat.eu

Стужка навінаў