На «Белсаце» з’явіцца праграма пра гістарычныя крыўды


Лічыце, што беларусам вечна не шанцуе, што літоўцы прысвоілі сабе ВКЛ, а палякі – Рэч Паспалітую? Ніколі не даруеце гвалтоўнай русіфікацыі? Тады новая праграма «Intermarium» – для вас.

Абмяркоўваць балючыя гістарычныя тэмы ў студыі будуць гісторыкі з розных краінаў. Прэм’ера – ужо 25 сакавіка а 21:15. Першае выданне прысвечана 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі. А мы гутарым з вядоўцам Паўлам Мажэйкам, адкуль узялася ідэя рабіць такую праграму.

На «Белсаце» ўжо ёсць «Загадкі беларускай гісторыі». Навошта яшчэ адна гістарычная праграма?

– Нам патрэбная дыскусія з суседзямі па балючых пытаннях нашай супольнай гісторыі. Ніводзін з народаў не выйшаў з ХХ стагоддзя «белым і пушыстым». Нацыянальных крыўдаў ва ўсіх хапае. Часам мы не можам зразумець, чаму той ці іншы народ паводзіць сябе так, а не іначай. Чаму не любіць або нават ненавідзіць суседа, з якім доўгі час жыў у адной дзяржаве.

Але супольная гісторыя, якой бы непрыемнай яна часам ні была, не павінна нас дзяліць. Мы сёння назіраем, як цяжка будуецца паразуменне паміж палякамі ды ўкраінцамі, палякамі ды літоўцамі, венграмі ды ўкраінцамі. Цяжка яшчэ і таму, што ёсць расейскі бок, зацікаўлены, каб гэтыя народы канфліктавалі.

Падчас здымкаў першага выдання праграмы «Intermarium». Фота belsat.eu

– Якія тэмы больш за ўсё свараць беларусаў з суседзямі?

– «Крэсы», Рыжская дамова, русіфікацыя і паланізацыя, паўстанні, героі ўсіх часоў, леніны, сталіны, дзяржынскія, 17 верасня 1939 года, Савецкі Саюз, уніяцтва, каталіцызм і праваслаўе, рэпрэсіі, БНР і БССР, героі антыбальшавіцкіх рухаў, нацыянальныя партызанкі часоў апошняй вайны, Другая сусветная і Вялікая Айчынная. Гэта толькі некаторыя з тэмаў, на якія мы, беларусы, маем супрацьлеглы погляд не толькі з суседзямі, але і ў сваім грамадстве, унутры Беларусі.

Павал Мажэйка і гісторык Ніна Стужынская падчас дыскусіі ў першым выданні праграмы «Intermarium». Фота belsat.eu

– Але ёсць небяспека, што мы пачнем яшчэ больш канфліктаваць паміж сабою.

– Існуюць два падыходы да гістарычных траўмаў. Першы заклікае пакінуць іх у мінулым, бо дыскусіі нічога не зменяць, не вернуць да жыцця ахвяраў, а толькі разварушаць забытыя магілы, развярэдзяць старыя раны.

І ёсць другі падыход. Размаўляць. Шчыра і адкрыта аб праблемных момантах нашай супольнай гісторыі. Не хаваць, не замятаць праблемы. Узаемныя крыўды і траўмы не павінны падточваць нас. Мы маем на іх права, гэтак жа, як і іншыя народы. А размаўляючы пра нашае мінулае спакойна і шчыра, мы не дазволім гэтаму багажу цягнуць нас назад і, цалкам магчыма, не паўторым памылак мінулага. І не дазволім, каб аднойчы нашыя нядобразычліўцы адчынілі скрыню Пандоры.

Большасць нашых суседзяў пачалі вытрэсваць з шафаў свае гістарычныя шкілеты. У Беларусі гэты працэс гэтак і не распачаўся. Дык чаму б нам не зрабіць гэтага на «Белсаце»? Казаць пра свае нацыянальныя крыўды і траўмы гісторыі і выслухоўваць чужыя нацыянальныя крыўды і траўмы. У значнай ступені «Intermarium» – тэрапеўтычная праграма.

Удзельнікі дыскусіі ў першым выданні праграмы «Intermarium». Фота belsat.eu

Intermarium (або Міжмор’е) быў праектам Пілсудскага, які пасля Першай сусветнай вайны хацеў аб’яднаць у канфедэрацыю дзяржавы на тэрыторыі ад Чорнага да Балтыйскага мора. Чаму вы ўзялі гэтую назву?

– Назву прапанаваў яшчэ Міхал Анемпадыстаў. Мы задумалі зрабіць дэбаты пра гістарычны лёс Беларусі ды яе суседзяў, бо сёння на гэтыя тэмы па тэлевізары часцей выказваюцца прапагандысты «расейскага свету». Рэгіён, які мы збіраемся абмяркоўваць, і быў калісьці названы Міжмор’ем.

Гутарыла Інга Астраўцова

Стужка навінаў