На БелАЗе выкрылі злачынную групоўку, якая крала запчасткі


Міліцыянты затрымалі злачынцаў, якія начамі ў выходныя вывозілі запчасткі з заводу. Падчас затрымання давялося страляць.

У групоўку ўваходзілі былыя і цяперашнія працаўнікі жодзінскага прадпрыемства.

Упраўленне барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС выкрыла на БелАЗе злачынную групу, якая на працягу доўгага часу выкрадала запчасткі да карʼернай тэхнікі. Завялі некалькі крымінальных справаў.

Праваахоўнікі выйшлі на злачынцаў пасля аналізу «ценявога» рынку запчастак БелАЗ у Беларусі ды Расеі, Які, паводле звестак МУС, складае да мільёна долараў на год.

Паміж удзельнікамі злачыннай групы былі выразна падзеленыя ролі: адны з выкарыстаннем падʼёмных механізмаў пагружалі і рыхтавалі да вывазу запчасткі (вага некаторых больш за 800 кг), іншыя вывозілі скрадзенае з тэрыторыі заводу і гэтак далей. Нават стварылі адмысловую «групу аховы», якая выстаўляла пасты з відэаназіраннем на адлегласці некалькіх кіламетраў. Працавалі выключна ў начны час у выходныя, карысталіся рацыямі і мабільнымі са зменнымі сім-картамі.

Скрадзенае змяшчалі ў двары аднаго з дамоў у Жодзінскім раёне, пасля чаго з падробленымі дакументамі рэалізоўвалі ў Расею.

Першыя затрыманні ўдзельнікаў групы адбыліся яшчэ ў леташнім лістападзе. Злачынцы тады аказалі супраціў байцам спецпадраздзялення «Алмаз» і спрабавалі ўцячы на аўце. У такой сітуацыі «алмазаўцы» былі вымушаныя страляць.

Фігурантамі справы сталі дзевяць чалавек, сярод іх як былыя, гэтак і цяперашнія працаўнікі БелАЗу. На маёмасць падследных накладзены арышт.

За апошнія гады на жодзінскім прадпрыемстве-гіганце пасля праверак МУС выявілі на пачатковыя этапе праверак страты ў памеры $ 1,5 млрд.

НМ, belsat.eu, паводле mvd.gov.by

Стужка навінаў