«Беларуськалій» агучыў прычыну смерці свайго працаўніка


Паводле прэс-службы прадпрыемства, на мужчыну зваліўся кусок пароды.

«Пасля выканання прац па разбіўцы негабарытных кавалкаў пароды на ставе забойнага канвеера, пры руху па горнай выпрацоўцы адбылося адслаенне пароды з адпрацаванай прасторы лавы. У выніку падзення кавалка пароды працаўнік быў смяротна траўмаваны», – гаворыцца ў паведамленні.

Распачатая крымінальная справа па факце парушэння правілаў бяспекі горных прац, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, паведамляецца на сайце СК.

3 студзеня з’явілася інфармацыя, што на Трэцім рудаўпраўленні прадпрыемства 3 студзеня ў адной з шахтаў абрынуўся дах. Пад заваламі загінуў рабочы. Інфармацыю пацвердзіла Упраўленне Следчага камітэту па Менскай вобласці.

Цяпер аператыўная група праводзіць следства. Высвятляюцца прычыны здарэння. Руднік і фабрыка Трэцяга рудаўпраўлення працуюць у штатным рэжыме, тэхналагічны працэс не парушаны.

З каментароў суполкі «Салігорскія аўтааматары» стала вядома, што загінулы – 51-гадовы Уладзімір Штылёў. У мужчыны засталося двое дзяцей.

 

Загінулы рабочы «Беларуськалія» з дзецьмі. Фота ВК

Карыстальнікі выказваюць спачуванні і каментуюць сітуацыю на прадпрыемстве.

Апошнія некалькі гадоў надзвычайныя сітуацыі з лятальным зыходам на «Беларуськаліі» здараюцца вельмі часта.

  • 14 лістапада 22-гадовы машыніст горна-выёмачнай машыны атрымаў смяротныя траўмы падчас выпраўлення няспраўнасці горнай тэхнікі.
  • 15 лістапада зменны майстар атрымаў траўмы пры абвале даху, выжыў.
  • 19 лістапада двое цесляроў зваліліся з вышыні, але выжылі.
  • 26 кастрычніка абарваўся трос у будаўнічай люльцы, якая падымалася на дах у адным з будынкаў прадпрыемства. У выніку шасцёра чалавек упалі з вышыні. Ад атрыманых траўмаў адна асоба загінула.
  • 12 ліпеня 53-гадовы машыніст горнавымальнай машыны быў смяротна траўмаваны пры выкананні буравых працаў.
  • 22 чэрвеня кіроўца, які знаходзіўся ў шахце, не даў рады з кіраваннем транспартным сродкам, быў шпіталізаваны.
  • 9 чэрвеня 27-гадовы рабочы загінуў пасля падзення на яго металёвай канструкцыі.
  • 2 лістапада летась падчас выканання планавых горных працаў на адным з участкаў рудніка 3-га рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій» адбыўся выбух прыроднага метану, у выніку чаго загінуў крапільшчык.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў