На беларуска-польскай мяжы аднаўляецца пункт пропуску «Дамачава»


Пераход не працаваў з 1 ліпеня 2016 году з-за рамонту аўтамабільнага мосту праз Заходні Буг. З 8:00 па беларускім часе 7 кастрычніка пункт пропуску «Дамачава» («Славацічы») на мяжы Беларусі і Польшчы зноў будзе прымаць транспартныя сродкі.

Пункт пропуску «Дамачава», які знаходзіцца ў 43 кіламетрах ад Берасця, быў адкрыты ў 1995 годзе, а ў 2006-м у межах рэалізацыі праграмы развіцця інфраструктуры аўтадарожных пунктаў пропуску на дзяржаўнай мяжы Беларусі быў фактычна адбудаваны наноў. Фінансаванне ажыццяўлялася за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і перавысіла Br 50 млрд. (або 5 млн дэнамінаваных рублёў). Прапускная здольнасць пункта «Дамачава» («Славатычы») складала 2250 транспартных сродкаў у дзень. Яго эксплуатацыя дазволіла знізіць нагрузку на аўтадарожны пункт пропуску «Берасце – Тэрэспаль». Але мост праз раку тады так і не адрамантавалі. Цяпер гэты сурʼезны недахоп выпраўлены.

Адкрыццё «Дамачава» дазволіць разгрузіць «Берасце – Тэрэспаль», дзе праз закрыццё першага пераходу ўзнікалі вялікія чэргі.

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары