На Балі абудзіўся вулкан. 40 тысячаў чалавек пакінулі свае дамы, аэрапорты не працуюць


На выспе Балі, найпапулярнейшым месцы для турыстаў у Індыйскім акіяне, ужо некалькі дзён чакаюць на горшае. Абудзілася гара Агунг і выпускае агромністыя воблакі попелу. Мясцовыя жыхары пакідаюць свае дамы.

Улады паведамілі пра найвышэйшы ўзровень небяспекі і папярэдзілі, што вывяржэнне вулкану можа пачацца ў любы момант. Дзясяткі тысячаў жыхароў у ваколіцах гары ўжо пакінулі свае дамы, агулам каля 40 тысячаў чалавек. Падлічана, што ў выпадку вывяржэння, пад пагрозу стане бяспека каля 100 тысячаў асобаў.

Фермер са сваім стадам у ваколіцах гары Агунг. 28 лістапада 2017.

Гара Агунг выкідае ўверх шчыльныя слупы вулканічнага попелу, што дасягаюць 3-4 кіламетраў у вышыню. Аэрапорты Балі зачыненыя, паветра навокал забруджанае.

Апошні раз вулкан Агунг абуджаўся ў 1963 годзе. Гэтае вывяржэнне прывяло да 1600 ахвяраў і стала адным з самых смяротных вывяржэнняў у Інданезіі, дзе налічваецца каля 130 дзеючых вулканаў. Зараз спецыялісты ацэньваюць актыўнасць вулкану як блізкую да той, што назіралася напярэдадні вывяржэння ў 1963 годзе.

Але развіццё цяперашняй сітуацыі прадказаць немагчыма. Вулкан Агунг можа выбухнуць кожную хвіліну, а можа некалькі тыдняў або месяцаў падыхаць гарачым попелам ды пылам і зноў заснуць.

Турысты на Балі ў аэрапорце чакаюць на магчымасць вярнуцца дадому. Усе палёты пакуль адкладзеныя на невядомы час.

ВЧ, belsat.eu

 

Стужка навінаў