На аўтадроме ДАІ зладзілі «фігурнае катанне» смеццявозаў (фота)


Конкурс кіроўцаў грузавікоў

Кіроўцы жыллёва-камунальнай гаспадаркі з’ехаліся ў Горадні, каб паспаборнічаць і паказаць, на што здольныя іх «малышкі».

8 чэрвеня на аўтадроме ДАІ ў Горадні адбыўся другі абласны конкурс прафесійнага майстэрства сярод кіроўцаў грузавікоў і смеццявозаў. У першую чаргу гэта прадстаўнікі камунальных арганізацыяў, вадаканалаў, аўтамабільнай гаспадаркі, гарадскога і дарожнага будаўніцтва з Горадні ды ўсіх раённых цэнтраў рэгіёну.

«Каб зрабіць не вельмі прэстыжную прафесію прэстыжнаю»

Як распавядае Барыс Казелкоў, старшыня Гарадзенскага абласнога камітэту прафсаюзу работнікаў мясцовай прамысловасці камунальна-бытавых прадпрыемстваў, вельмі важна, каб прэстыж і прафесійныя навыкі працаўнікоў няспынна павышаліся.

«Я лічу, што трэба стымуляваць людзей любой прафесіі на павышэнне якасці працы. І вось наш абласны конкурс пакліканы зрабіць не вельмі прэстыжную прафесію прэстыжнай. Першая ўмова – веданне правілаў дарожнага руху. Нашыя ўдзельнікі кожную раніцу выязджаюць на вуліцы нашых гарадоў, вобласці і раённых цэнтраў, і праязджаюць часам па вузенькіх кварталах. Таму важна, каб яны ездзілі без парушэнняў правілаў і без дарожных здарэнняў. Таму ў журы мы запрасілі працаўнікоў ДАІ, што таксама стымулюе ўдзельнікаў. Мы зрабілі агульны здымак. Павіншавалі. Вось будзе рэпартаж. У сям’і паглядзяць, што тата прыняў удзел у такім конкурсе, будуць ганарыцца сваім кармільцам сямейства, а ў калектыве будуць цешыцца за свайго пераможцу».

Акрамя тэарэтычнага конкурсу на веданне правілаў дарожнага руху, усе канкурсанты мусілі па-майстэрску выканаць некалькі аўтамабільных фігураў: рух «змейкай», фігурнае кіраванне, заезд у бокс, стаянка, пад’ём на эстакаду. Дадатковае выпрабаванне прадэманстраваў кіроўца смеццявоза: пад’ём і бакавая загрузка смеццевых кантэйнераў.

Лепшы кіроўца смеццявоза і грузавіка

Агулам у мерапрыемстве спаборнічалі 25 ўдзельнікаў. Сярод іх – 9 кіроўцаў смеццявозаў, з якіх перамог Дзмітры Вербель з Бераставіцы. А лепшым кіроўцам грузавіка стаў Дзмітрый Конан з Гарадзенскага вадаканалу. Акрамя таго ён прадэманстраваў і лепшыя веды па ПДР. А самае віртуознае валоданне спецаўтамабілем прадэманстраваў кіроўца Свіслацкага ЖКГ Сяргей Трафімчык.

Кожны з прызёраў атрымаў памятныя гадзіннікі, дыпломы і каштоўныя падарункі. Таксама абком прафсаюзаў паабяцаў, што будзе хадайнічаць аб матэрыяльным стымуляванні ўсіх удзельнікаў на працоўных месцах. Як прызналіся ўдзельнікі, іх сярэдні заробак сёння выносіць 400 рублёў.

Глядзіце таксама:

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў