На аплату штрафаў па «справе графіцістаў» сабрана 32 мільёны рублёў


За два месяцы акцыі на падтрыманне графіцістаў праз збор ахвяраванняў і продаж тышортак з прынтом «Беларусь мае быць беларускай» сабрана 32 мільёны рублёў, паведаміла «Арт-сядзіба».

Агулам у зборы сродкаў прынялі ўдзел 150 чалавек у Беларусі і за мяжою. 25 мільёнаў пайшло на аплату трох штрафаў. Астатнія 7 мільёнаў мастакі перадалі для турэмных перадач сваякам зняволеных фанатаў у межах новай скандальнай справы, якіх на сённяшні дзень ужо затрымана 3 чалавекі.

Асноўную частка сродкаў, 12 мільёнаў, склаў прыбытак з продажу кашулек, 610 долараў склалі ахвяраванні праз плацежную сістэму «PayPal», каля 400 долараў грамадзянамі ахвяравана праз офіс і рахунак «Арт Сядзібы».

Вадзім Жаромскі, Максім Пякарскі і Вячаслаў Касінераў, якіх суд пакараў вялікімі штрафамі, выказалі ўдзячнасць усім, хто іх падтрымаў:

«Зараз сілавымі структурамі Беларусі праводзіцца масавая палітычна матываваная зачыстка ў асяроддзі футбольных фанатаў. Непажаданых людзей па надуманых і разадзьмутых крымінальных справах адпраўляюць за краты на доўгія тэрміны. Мэта гэтай спецаперацыі адна: разграміць самаарганізаваныя і непадкантрольныя ўладзе групы моладзі.

Сёння людзі, што праходзяць у фанацкіх крымінальных справах нават, як сведкі, пазбаўляюцца працы і навучальных месцаў. На іх сваякоў аказваецца ціск. Важна разумець, што рэпрэсіі працягваюцца. І не варта пра іх маўчаць!»

Як піша «Вясна», сілавікі зноў расшукваюць Вячаслава Касінерава. Прычыну пільнай увагі да яго яны не тлумачаць.

4 красавіка затрымалі яшчэ аднаго хлопца, які праходзіць па «справе антыфашыстаў». Дзмітрыю Цыхановічу патэлефанавалі з Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю. Праваахоўнікі прапанавалі яму забраць сканфіскаваныя падчас вобшуку рэчы. Дадому хлопец не вярнуўся.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў