На Акрэсціна галадоўку аб’явіў Віктар Маркаў


Прадпрымальніка з Менску затрымалі, калі ён ішоў на шэсце 25 сакавіка.

«Яны ішлі на свята з жонкай. Яго схапілі, калі ён пераходзіў вуліцу Сурганава. Жонка засталася», – паведаміла «Белсату» праваабаронца Кацярына Садоўская.

Паводле рашэння суду Віктар Маркаў атрымаў 10 сутак арышту, цяпер ён знаходзіцца на Акрэсціна. Сябры прадпрымальніка кажуць, што ён стала ходзіць на святочныя шэсці на Дзень Волі, але затрымліваюць яго ўпершыню.

«Адміністрацыя РУУС паведаміла, што Маркаў аб’явіў галадоўку, калі сябры прынеслі яму перадачу», – кажа праваабаронца.

Перадачу для Віктара ахова ЦІПу прыняла.

«4-га яго павінныя выпусціць», – кажа Садоўская. – Але не ведаю, ці не прыдумаюць яны там нешта яшчэ».


Галадоўку на Акрэсціна трымае таксама затрыманы 25-га сакавіка аператар «Белсату» Аляксандр Баразенка. Сукамернік аператара заявіў, што Баразенка п’е толькі ваду, сокі і турэмную гарбату.

Дзяніс Івашын, які сустрэў Баразенку ў засценках ізалятару, сказаў у эфіры, што Аляксандр «трымаецца бадзёра, але наступствы галадоўкі ўжо бачныя».

ДД

Глядзі таксама
Каментары