На агароджы бабруйскай калоніі з’явілася патрабаванне вызваліць вязня


Аднадумцы анархіста Змітра Паліенкі правялі акцыю салідарнасці з ім, а таксама павіншавалі яго з Днём нараджэння феерверкам.

Група беларускіх анархістаў нанесла на плот калоніі № 2 у Бабруйску, дзе адбывае свой тэрмін
палітвязень, словы «Свабоду Дзіму Паліенку».

Паводле анархістаў, яны нязгодныя з несправядлівым прысудам свайму паплечніку. Анархісты заклікаюць да правядзення падобных акцыяў, бо «на іх месцы можа апынуцца любы з нас».

Хто такі Зміцер Паліенка

З 15-ці гадоў – актывіст беларускага аддзялення Нацыянал-бальшавісцкай партыі, удзельнічаў у іх акцыях, за што неаднаразова сядзеў на сутках. У 2014-м выйшаў з НБП і далучыўся да анархістаў.

29 красавіка 2016 года падчас велапрабегу «Крытычная маса» паміж Змітром Паліенкам і супрацоўнікамі ДАІ адбыўся інцыдэнт, пачатак якога бачны на гэтым відэа.

Пасля прыехаў АМОН і жорстка затрымаў раварыстаў.

Супраць Змітра Паліенкі распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 364. У жніўні мінулага году ў сацыяльнай сетцы Змітра праваахоўнікі знайшлі відэа трохгадовай даўніны, і абвінавацілі яго таксама паводле часткі 2 артыкулу 343 (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару).

Праваабарончы цэнтр «Вясна» палічыў захады пераследу хлопца непрапарцыйнымі ўчыненаму правапарушэнню.

12 кастрычніка 2016 года суддзя Валеры Есьман з суду Цэнтральнага раёну Менску прызнаў Змітра Паліенку вінаватым паводле двух артыкулаў і прысудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай.

Сёлета 10 сакавіка суд Маскоўскага раёну Менска прысудзіў Паліенку да сямі содняў арышту за «дробнае хуліганства» за тое, што ён у Доме правасуддзя выказаў абурэнне прысудам паводле «справы антыфашыстаў».

20 сакавіка Змітра затрымалі каля ізалятару на Акрэсціна, куды ён прынес перадачу для арыштантаў. Суд Заводскага раёну Менску пакараў яго 15 соднямі за мірную акцыю пратэсту супраць будаўніцтва офіснага цэнтру ў Курапатах. У дзень сканчэння тэрміну арышту, які Паліенка адбываў у жодзінскім ізалятары, ён на свабоду не выйшаў. Былыя сукамернікі паведамілі, што актывісту «дадалі» яшчэ 10 сутак арышту, але за што – не вядома.

Паводле беларускага заканадаўства, умоўны тэрмін можа быць заменены на рэальны пры сыстэматычным парушэнні правапарадку. Трох адміністратыўных справаў цягам апошняга часу стала дастаткова, каб палічыць Змітра сістэматычным парушальнікам.

18 красавіка Змітра Паліенку скіравалі ў калонію № 2 Бабруйска.

26 траўня Змітру Паліенку споўнілася 23 гады. У гонар гэтага анархісты запусцілі ўчора пад сценамі калоніі феерверкі.

ДД

Глядзі таксама
Каментары