«Міхась Жызнеўскі паказвае, што беларускі змагарскі дух жыве» (Абноўлена)


На магіле героя Нябеснай Сотні Міхася Жызнеўскага ў вёсцы Сцяг Працы на Гомельшчыне адбылося афіцыйнае адкрыццё помніка ў ягоную памяць. Падзея сабрала каля 30 беларускіх актывістаў, а таксама гасцей з Украіны.

Помнік Міхасю Жызнеўскаму, які адзін з першых быў забіты на Майдане, усталявалі напачатку ліпеня, але афіцыйнае адкрыццё прайшло сёння. На Гомельшчыну з Украіны прыехалі: Пятро Сіненка, сын якога трагічна згарэў на Майдане; жонка аднаго з загінулых герояў Наталля Бойків; лекарка на Майдане Любаміра, а таксама ўкраінская тэлевядоўца Марычка Падалка.

Адкрылі помнік удзельнікі акцыі па збору сродкаў, грамадскія актывісты Дзяніс Івашын і Наталля Крывашэй. Асвяціў памятны знак святар Леанід Акаловіч, прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы.

Сам жа помнік паўстаў з ініцыятывы грамадскіх дзеячоў Уладзіміра Кацоры і Вольгі Нікалайчык.

«Я вельмі рада і шчасліва, што помнік нарэшце ўсталявалі, – прызналася маці героя Ніна Жызнеўская. – Усімі сіламі беларусаў помнік пастаўлены. І ўкраінцы хацелі ўдзельнічаць у зборы грошай, але ўсё сабралі беларусы, таму гэта наш беларускі помнік. Я хачу падзякаваць усім нашым беларусам, хто збіраў грошы, хто ахвяраваў, хто мне званіў з падтрымкайусім-усім вялікі дзякуй».

Дзяніс Івашын з Горадні, які разам з сябрамі сабраў на помнік $ 400, заўважыў: «Міхась Жызнеўскі – гэта нацыянальны герой Беларусі, чалец сучаснага пантэону герояў, мець якога менавіта сёння – вялікі гонар для нас. Міхась Жызнеўскі сваім учынкам, сваім ахвяраваннем, пакліканнем працягвае змагарскую традыцыю нашых продкаў і паказвае, што беларускі змагарскі дух жыве і працягвае свой славуты рыцарскі чын».

Помнік складаецца з дзвюх плітаў. На адной з іх – барэльеф Міхася Жызнеўскага, на іншай – Пагоня і Трызуб, а таксама радкі:

«Калі забіваюць сына –

Не здацца сябе прымусь…

Па сэрца ў крыві Украіна.

Па вочы ў слязах Беларусь».

Аўтар помніка – скульптар Аляксандр Шатэрнік.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў