На адзін дзень МЗС цалкам перайшоў на беларускую мову


Брыфінг для журналістаў у Міністэрстве замежных справаў праводзілі выключна на беларускай мове.

Вось як пракаментаваў гэтую ініцыятыву прэс-сакратар вонкавага ведамства Дзмітрый Мірончык:

«Прэс-служба МЗС у сваёй дзейнасці кіруецца канстытуцыйным прынцыпам дзяржаўнай роўнасці дзвюх моў. (звычайна спадар Мірончык частку паведамленняў зачытвае на беларускай мове, частку – на расейскай.) Але мы зараз напярэдадні абвешчанага ЮНЭСКО Дня роднай мовы. Таму прапаную сёння карыстацца беларускай. Тым болей што адно з паведамленняў, якое мы сёння зробім, тычацца гэтай важнай міжнароднай даты».

19 лютага міністэрства будзе святкаваць міжнародны Дзень роднай мовы, перадае «Радыё Свабода». Мерапрыемства праводзіцца ў межах дыялогу культураў, што ладзіцца сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.

Падчас імпрэзы прагучаць вершы народнага паэта Беларусі, будзе адкрытая выстава графічных працаў «Яна і я», прымеркаваная да 100-годзьдзя вянчання песняра з Уладзіславай Станкевіч. У мерапрыемстве будзе ўдзельнічаць кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў, свой удзел у ім таксама пацвердзілі кіраўнікі шэрагу замежных дыпламатычных місіяў, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.

Журналісты задалі прэс-сакратару тры пытанні – Дзмітрый Мірончык адказваў па-беларуску, нягледзячы на тое, што два пытанні гучалі на расейскай мове.

НМ, belsat.eu, паводле «Радыё Свабода»

Стужка навінаў