«На абʼекце працуе 5-7 % беларусаў. Рэшта – кітайцы»


Пабудова заводу «Белджы» пад Барысавам каштуе 330 мільёнаў долараў. Прыблізна палову гэтай сумы пазычыў Кітайскі Эксімбанк з умовай, што ўсе працы будуць праводзіцца кітайцамі.

60 тысяч аўтамабіляў «Джылі» на год. Новы завод запрацуе, як чакаецца, ужо ў першым квартале 2017-га.

Цэх для фарбавання амаль скончаны і ў яго ўжо ўвозіцца абсталяванне. Узвядзенне іншых аб’ектаў першай чаргі на велізарнай пляцоўцы плошчаю больш за 100 гектараў таксама ідзе поўнаю хадой.

«Пабудавалі ўжо тры цэхі. Наш цэх, у якім мы працуем, лакаафарбоўны, ён ужо на завяршальнай стадыі. Таксама будуюцца новыя корпусы. Там – гатэль далей», – распавядае майстар Аляксей Мікрэвіч.

Будаўнічую пляцоўку наведаў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, які нясе персанальную адказнасць за праект. Седан мадэлі «Эмгранд ДжыЦі», на які Аляксандр Лукашэнка загадаў паступова перасадзіць усіх айчынных чыноўнікаў, прэм’ер абкатваў ужо ў самым Барысаве – на заводзе «Аўтагідраўзмацняльнік», дзе даччынае прадпрыемства БелАЗу, з мінарытарным удзелам «Джылі» ўжо займаецца буйнавузлавой зборкай легкавых аўтаў.

Зборка кожнага аўтамабіля займае 12 хвілінаў – гатовую імпартаваную машыну тут проста ставяць на імпартаваную хадавую частку.

Гэткая схема пазбягання выплат мытаў на ўвоз аўтаў раней выклікала абурэнне Расеі. З сярэдзіны 2018-га, каб лічыцца мясцовай, вытворчасць машынаў мусіць быць на 50 % лакальнай, у тым ліку – зварка ды афарбоўка. Гэта стала адным з галоўных матываў пабудаваць пад Барысавам новы завод. Вось толькі з ацэнкай рынку ўрадоўцы пралічыліся, тлумачаць адмыслоўцы.

«Калі праект абмяркоўваўся з пункту гледжання рынкаў, якія раслі, то нейкая перспектыва была. Сёння вельмі сурʼёзныя праблемы аўтапраму ў Расейскай Федэрацыі», – зазначае старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч.

Летась «Белджы» прастойвала некалькі дзён на тыдзень, прадаўшы менш за сем тысяч машын, пры магчымасці вырабіць 13 тысяч. Сёлета продажы на ўнутраным рынку ўпалі ўдвая. Патэнцыял нарошчвання экспарту, на думку адмыслоўцаў, – нулявы.

«Не прагназуем рост рынку як сёлета, так і налета, – гаворыць Сяргей Міхневіч. – Больш за тое, першае паўгоддзе сёлета паказала падзенне на 30%. Калі глядзець рынак Расеі і Казахстана, там таксама адмоўная дынаміка».

Паводле праекту, пабудова заводу пад Барысавам каштуе 330 мільёнаў долараў. Прыблізна палову гэтай сумы пазычыў Кітайскі Эксімбанк з умовай, што ўсе працы будуць праводзіцца кітайцамі.

Паводле майстра Аляксея Мікрэвіча, ад агульнай колькасці людзей на абʼекце працуе 5-7% беларусаў. «Рэшта – кітайцы», – гаворыць суразмоўца.

Раней Аляксандр Лукашэнка ўжо перанёс вывад гадавых магутнасцяў «Белджы» на 120 тысяч машын з 2019 года на 2030-ты. Але і з 60-ці тысяч аўтаў, якія завод зможа выпускаць налета, сыходзячы з існай дынамiкi, прадаваць удасца адну дзясятую.

«Калі ў гэтага прадпрыемства апынецца неспрыяльнае фінансавае становішча, я не выключае, што беларускаму бюджэту прыйдзецца ісці на дапамогу», – кажа шэф-рэдактар «Эканамічнай газеты» Леанід Фрыдкін.

Абвешчаны кошт гэтага праекту ў паўтара раза перавышае сёлетнія бюджэтныя выдаткі на медычную дапамогу насельніцтву.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў