На 23 прадпрыемствах Гарадзеншчыны марнуецца абсталяванне, якое купілі для мадэрнізацыі

video

Судовымі справамі ўлады спрабуюць развязаць праблемы ў яшчэ адной набалелай галіне беларускай гаспадаркі. Сілавыя структуры шукаюць вінаватых у масавым правале мадэрнізацыі дзяржпрадпрыемстваў.

Па выніках правярання ў Гарадзенскай вобласці пракуратура выявіла 23 прадпрыемствы, якія не выкарыстоўваюць закупленае ў межах мадэрнізацыі абсталяванне, паведамляе агенцтва БелаПАН. Што пайшло не так з мадэрнізацыяй і чаму?

Нідзе ў свеце пракуратура гэтым не займаецца, чаму гэта робім мы – незразумела, кажуць у пракуратуры. Ведамства гэтае ў нашай краіне, вымушанае выконваць, у тым ліку, і дробныя менаджарска-гаспадарчыя функцыі для дзяржпрадпрыемстваў.

Гэтак, год таму, паводле загаду пракурора, жыллёва-камунальная служба пасёлку Зэльва перадала іншай ЖКГ газавую гарэлку, купленую за $ 12 тыс. Да гэтага абсталяванне праляжала без справы 4 гады, бо не падыходзіла да катла, для якога яе закупілі. Падобная гарэлка ў Іўеўскім ЖКГ, купленая 5 гадоў таму, пыліцца на складзе дагэтуль. Апрача таго, праверка пракуратуры па Гарадзенскай вобласці выявіла, што ААТ «Тэх-Тар» купіла абсталяванне для новага цэху камбікорму, але сам цэх так і не пабудавала.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, СТАРШЫНЯ КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:«Калі няма ўласніка, калі няма інтарэсу, то і будзе так, што абсталяванне там дзесьці купілі, яно ўжо ў дарозе, а да гэтага часу яшчэ не адбудавалі памяшканне, дзе яно будзе ўстанаўлівацца».

Чарговага вінаватага, па выніках маштабнай праверкі, знайшлі і ў правале мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі. Крымінальную справу завялі на інжынера «Мостаўдрэву», які, нібыта, няслушна разлічыў параметры для закупленых станкоў па выпуску драўляных пліт. Агулам у мадэрнізацыю «Мостаўдрэву» з 2008 года ўклалі € 180 млн. Але, паводле апошніх даступных дадзеных, другі квартал мінулага года прадпрыемства адпрацавала са стратай на Br 27 млрд. Кіраўнік краіны у правалах дрэваапрацоўкі вінаваціць выканаўцаў на месцах.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:«З-за сур’ёзнейшых парушэнняў фінансавай дысцыпліны, безгаспадарлівасці, прыйшлося, як вы ведаеце, прымаць самыя жорсткія захады».

Але, нягледзячы на згаданыя жорсткія захады і фармальнае завяршэнне мадэрнізацыі, паводле стану на сярэдзіну мінулага года, з прыбыткам не працавала ніводнае прадпрыемства дрэваапрацоўкі. Сёлета, для прадухілення банкруцтва, дзяржава выдзеліла ім чарговую порцыю субсідыяў.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, СТАРШЫНЯ КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ: «Мадэрнізацыя, якая, у свой час была абвешчаная, яна поўнасцю праваленая, поўнасцю сябе дыскрэдытавала гэтая палітыка і яе трэба неадкладна мяняць».

На думку незалежных прафсаюзнікаў, пакуль улады не саступяць кіраванне прадпрыемствамі прыватнікам, ды не перастануць умешвацца ў іх гаспадаранне, беларускія падаткаплатнікі будуць працягваць аплочваць спачатку шматмільярдныя мадэрнізацыйныя праекты кіраўніка краіны, а пасля – усё роўна фінансаваць гэтыя прадпрыемствы, бо яны будуць працаваць у мінус. Улады ж будуць і надалей спрабаваць супакойваць людзей расправамі над стрэлачнікамі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары