МЗС: Вучэнні НАТО каля беларускай мяжы патрабуюць адэкватных захадаў


Польскі і брытанскі афіцэры падчас вучэнняў Noble Jump. Чэрвень 2015 года.

Намеснік міністра замежных справаў Беларусі Яўген Шастакоў, які знаходзіцца з працоўным візітам на Кубе, даў інтэрвʼю інфармацыйнаму агенцтву «Прэнса Лаціна».

Ацэньваючы ўзмацненне НАТО каля межаў з Расеяй, дыпламат адзначыў, што мы становімся «сведкамі пагрозы дэстабілізацыі кволай архітэктуры бяспекі ўва ўсім еўрапейскім рэгіёне», а Беларусь як краіна з інтарэсамі і на Усходзе, і на Захадзе, «не зацікаўленая ў абвастрэнні сітуацыі».

«Дзеянні, якія праводзяцца НАТО або пад эгідай НАТО паблізу нашых межаў – а з дзяржавамі Паўночнаатлантычнага альянсу ў нас больш за 1200 км агульнай мяжы, – а таксама нарошчванне адпаведнай інфраструктуры, хоць на дадзены момант і ня расцэньваюцца як прамая ваенная пагроза, не ўспрымаюцца намі пазітыўна. Гэта патэнцыйны выклік у рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, які патрабуе адэкватных мер рэагавання», – заявіў Шастакоў.

Поўную стэнаграмму размовы беларускага чыноўніка з кубінскім інфармацыйным агенцтвам можна прачытаць на старонцы беларускага МЗС.

Працоўны візіт Яўгена Шастакова на Кубе працягнецца да нядзелі, 5-га чэрвеня.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары