МЗС Украіны: згоды аб вывадзе расейскіх войскаў і наймітаў з Данбасу няма


Пра гэта пасля сустрэчы «нармандскай чацвёркі» у Менску паведаміў украінскі міністр замежных справаў Павел Клімкін.

Паводле чыноўніка, падчас сустрэчы не была дасягнутая і згода па працы АБСЕ на непадкантрольным Украіне ўчастку ўкраінска-расейскай мяжы.

Міністр замежных справаў Павал Клімкін таксама заявіў, што Украіна настойвае на ўвядзенні ўзброенай паліцэйскай місіі.

«Няма згоды па ўсіх прынцыповых пытаннях. І гэта, напэўна, будзе правільна. Няма згоды па пытанні кантролю і эфектыўнага маніторынгу з боку АБСЕ некантралюемага ўчастку ўкраінска-расейскай мяжы. Няма згоды адносна эфектыўнага доступу АБСЕ да ўсяго Данбасу. Няма згоды адносна вывядзення расейскіх войскаў і расейскіх наймітаў ды зброі», – падкрэсліў падчас адмысловага брыфінгу Клімкін.

Нагадаем, што 29 лістапада ў беларускай сталіцы адбылася чарговая спроба ўрэгуляваць канфлікт на Данбасе ды абмеркаваць «дарожную мапу» ў рэалізацыі Менскіх пагадненняў. З гэтаю мэтаю ў беларускую сталіцу пряжджалі міністры замежных справаў Нямеччыны, Францыі, Расеі ды Украіны.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў