МЗС Украіны: Ідэя ўвесці беларускіх міратворцаў нясвоечасовая


Прэс-сакратар украінскага знешнепалітычнага ведамства пракаментаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі аб гатоўнасці накіраваць вайскоўцаў ва Украіну.

Неабходнасці ўдзела якіх-небудзь міратворчых войскаў ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне няма. Такую думку агучыў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Украіны Яўген Пэрэбыйніс.

«Ёсць менскія дамоўленасці, і ўсе бакі павінны іх выконваць. Украіна іх выконвае, мы прытрымліваемся рэжыму спынення агню. Але, на жаль, Расея і баевікі-тэрарысты не выконваюць менскія дамоўленасці. Таму наша пазіцыя такая: мы здольныя самі навесці парадак на сваёй зямлі, калі яе пакінуць замежныя войскі і спыняць падтрымку тэрарыстаў», – заявіў Пэрэбыйніс.

На думку прэс-сакратара МЗС, ідэя ўвесці міратворчыя войскі «нясвоечасовая, і ў гэтай сітуацыі яны не патрэбныя».

У сваю чаргу ў самаабвешчанай Данецкай народнай рэспубліцы (ДНР) пазітыўна ўспрынялі ідэю Лукашэнкі накіраваць міратворцаў ва Украіну.

Заява кіраўніка краіны аб гатоўнасці накіраваць беларускіх вайскоўцаў ва Украіну, каб «развесці канфліктуючыя бакі», была зроблена ім падчас інтэрв’ю тэлеканалу «Euronews». Фрагмент інтэрв’ю быў размешчаны на старонцы тэлеканала 2 кастрычніка.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў