МЗС Украіны: Алянд і Мэркель маюць завезці Пуціну новы мірны план


Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель маюць намер завезці прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну план мірнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. Пра гэта ў эфіры «5-га» каналу паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Украіны Яўген Перабійніс.

Прадстаўнік МЗС адзначыў, што ў апошнія дні працягваюцца інтэнсіўныя кансультацыі з усімі бакамі.

«І ЗША, і ЕЗ, Нямеччыны і Францыя ў гэтым працэсе гуляюць, як адна каманда. Гэтыя кансультацыі праходзяць паміж усімі», – падкрэсліў Перабійніс, дадаўшы, што бакі пачалі выходзіць на прымальны план, які Парашэнка мае абмеркаваць з Мэркель і Аляндам.

«Калі ўдасца ўзгадніць усе пазіцыі ў гэтым плане, то заўтра гэты план будзе прадстаўлены ў Маскве. Мэркель і Алянд павязуць яго Пуціну», – падсумаваў Перабійніс.

Франсуа Алянд і Ангела Мэркель атрымалі прапановы ад прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і падрыхтавалі свае ідэі дзеля дасягнення міру ва Украіне, паведаміў дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы.

Сёння, 5 лютага, Мэркель і Алянд экстранна прыехалі ў Кіеў. Адразу ж пасля прыбыцця лідары дзвюх краінаў адправіліся прама на сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Кіраўнік Украіны адзначыў, што сённяшнія перамовы з канцлерам Нямеччыны і прэзідэнтам Францыі «даюць надзеі, што будзе вынік у спыненні агню». Ён адзначыў, што яго мірны план і Менскія дамоўленасці могуць вырашыць канфлікт на Данбасе.

Украінскі прэзідэнт растлумачыў, што план, прапанаваны ў менскім пратаколе, «вельмі просты»: спыніць агонь, спыніць пастаўкі зброі і вайсковых, перакрыццё межаў і абмен закладнікамі.

Па словах Парашэнкі, пасля таго, як менскі пратакол будзе выкананы, можна будзе аднавіць сацыяльныя выплаты на Данбасе.

МЯ, паводле korrespondent.net

Глядзі таксама
Каментары