МЗС: «Расейскі бок пабачыў праблему там, дзе не бачыў яе 20 гадоў»


zrzut-ekranu-2016-11-24-o-12-37-18

На мяжы Беларусі з Расеяй могуць з’явіцца часовыя міжнародныя пункты пропуску

Прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык адказаў на пытанне пра адзіную візу Беларусі з Расеяй.

Ён адзначыў, што Менск лічыць сістэму перасячэння мяжы Беларусі ды Расеі, якая існуе цяпер, «эфектыўнай, разумнай, а таксама дастатковай з пункту гледжання бяспекі». Таксама Дзмітрый Мірончык выказаўся і пра з’яўленне пунктаў пропуску на мяжы двух краінаў, пра якое нядаўна заявіў кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў:

«Цяпер расейскі бок убачыў праблему там, дзе не бачыў яе два дзясяткі гадоў – у адсутнасці міжнародных пунктаў пропуску на нашай агульнай мяжы. Калі нашыя партнёры лічаць, што гэта для іх нязручна, тады трэба вырашаць гэтае пытанне. Варыянтаў некалькі – не толькі шляхам абсталявання расейцамі пунктаў пропуску, але і з дапамогай, напрыклад, узаемнага прызнання віз для мэтаў транзіту».

Прэс-сакратар вонкавапалітычнага ведамства заўважыў, што ўзаемнае прызнанне віз ужывалася ў межах СНД і беларускім, і расейскім бакамі, але на пачатку 2000-х Масква першай ад яго адмовілася.

Глядзіце таксама >>> Плот на латвійскай мяжы: ад нелегалаў ці праз боязь Расеі ды Беларусі?

«Зараз дадзеную тэму зноў абмяркоўваюць беларускія і расейскія спецыялісты – іх хуткую сустрэчу анансавалі на сумеснай прэс-канферэнцыі міністры замежных спраў. Які варыянт выпрацуюць эксперты, ці будзе гэта адзінае візавае прастору альбо нешта іншае – паглядзім», – заявіў Дзмітрый Мірончык.

І дадаў, што для Менску прынцыпова, каб падчас спробаў вырашыць сітуацыю «не рабіліся нейкія рэзкія аднабаковыя дзеянні, што ствараюць праблемы для грамадзянаў трэціх краінаў і нашых кампаніяў – аўтаперавозчыкаў, турагенцтваў і інш.».

НМ, belsat.eu, паводле mfa.gov.by, фотаздымак «Риа Новости»

Глядзі таксама
Каментары