МЗС Расеі: падчас «нядаўняга ваеннага сутыкнення» у Сірыі былі параненыя і загінулі грамадзяне РФ і СНД


У выніку «нядаўняга ваеннага сутыкнення» ў Сірыі параненыя некалькі дзесяткаў расейскіх грамадзян, паведаміў МЗС РФ.

«Ім было аказана садзейнічанне для вяртання ў Расею дзе, наколькі нам вядома, яны праходзяць курсы лячэння ў розных медычных установах», – гаворыцца ў распаўсюджанай знешнепалітычным ведамствам заяве.

Ніякіх падрабязнасцяў «ваеннага сутыкнення» МЗС раскрываць не стаў, падкрэсліўшы толькі, што вайскоўцы РФ у ім не ўдзельнічалі.

Акрамя таго, МЗС дадаў, што «у ходзе нядаўняга ваеннага сутыкнення, у якім ніякім чынам не ўдзельнічалі вайскоўцы Расейскай Федэрацыі і не ўжываліся штатныя тэхнічныя сродкі, ёсць загінулыя грамадзяне Расеі і краін СНД».

7 лютага міжнародная кааліцыя на чале з ЗША нанесла авіяўдар па атрадах, якія наступалі на пазіцыі «Сірыйскіх дэмакратычных сілаў» у раёне горада Дэйр-эз-Зор. Па дадзеных амерыканскіх і расейскіх СМІ ў выніку ўдару загінулі і атрымалі раненні найміты з расейскай ЧВК «Вагнера». Загінулі ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў чалавек. Таксама паведамлялася аб некалькіх дзясятках параненых. Паводле дадзеных Reuters, параненыя ў Сірыі дастаўлены ў ваенныя шпіталі ў Маскве, Падмаскоўі і Санкт-Пецярбургу. Крыніцы агенцтва паведамлялі, што раненні атрымалі каля 200 чалавек.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў