МЗС Расеі назваў «антырасейскай» новую ядравую дактрыну ЗША


2 лютага Мінабароны ЗША апублікавала новы Агляд ядравай палітыкі – дакумент, у якім сфармуляваныя прынцыпы палітыкі ЗША ў галіне ядравых узбраенняў.

Мінабароны ЗША лічыць, што з моманту выхаду папярэдняга дакументу ў 2010 годзе «сітуацыя ў плане глабальных пагроз прыкметна пагоршылася» і Амерыка стаіць перад тварам «больш складанай і разнапланавай» ядравай пагрозы, чым раней. У дакладзе згадваюцца Кітай, КНДР і Іран, аднак асноўная ўвага ў ім прысвечана супрацьстаянню з Расеяй.

У Пентагоне асцерагаюцца, што Расея можа першай ужыць ядравую зброю «малой магутнасці» у выпадку вайны з саюзнікам ЗША. Такі ўдар перашкодзіў бы амерыканскім вайскоўцам умяшацца ў канфлікт, паставіўшы іх перад выбарам паміж паўнавартаснай атакай на Расею (на якую яны не пайшлі б) або выкарыстаннем менш магутнай зброі, піша The Washington Post.

Паводле слоў прадстаўніка амерыканскага камандавання Грэга Уівера, цяперашнія магчымасці і стратэгія ЗША могуць здавацца расейцам недастатковымі для іх стрымлівання.

«Стратэгічнай задачай першараднай важнасці» для Пентагона з’яўляецца «прымусіць Расею адмовіцца ад гэтых ілюзіяў».

Дамагчыся гэтага ЗША збіраюцца, развіваючы нестратэгічныя ядравыя ўзбраенні. У прыватнасці, яны маюць намер пераабсталяваць некаторую колькасць балістычных ракет падводнага базавання боегалоўкамі малой магутнасці, а таксама «неадкладна прыступіць» да аднаўлення баяздольнасці крылатых ракет марскога базавання з ядравымі боегалоўкамі, якія былі прыбраны з арсенала пры прэзідэнце Абаме.

У сваю чаргу, у расейскім МЗС заявілі, што ў новай ядравай дактрыне ЗША «кідаюцца ў вочы канфрантацыйны зарад і антырасейская накіраванасць», і яе змест выклікаў «глыбокае расчараванне» у ведамстве.

У МЗС адзначылі, што расейская ваенная дактрына мае на ўвазе ўжыванне ядравай зброі толькі ў адказ на напад на РФ або яе саюзнікаў з выкарыстаннем ядравага ўзбраення ці зброі масавага паражэння, а таксама ў выпадку пагрозы «самому існаванню дзяржавы» з выкарыстаннем любога ўзбраення.

На думку Расеі, ЗША ўзялі на сябе права першымі выкарыстоўваць ядзерную зброю, «каб перашкодзіць Расеі прымяніць свае ядравыя ўзбраенні», і тым самым «падвяргаюць сумневу» права Расеі на самаабарону. МЗС таксама раскрытыкаваў планы ЗША ўзяць на ўзбраенне ядравую зброю «малой магутнасці» і адхіліў абвінавачванні ў незахаванні міжнародных абавязацельстваў па кантролі за ўзбраеннямі.

КА, belsat.eu, паводле meduza.io

 

Стужка навінаў