МЗС пракаментаваў паразу Купчынай на выбарах генеральнага сакратара АБСЕ


Міністэрства замежных спраў Беларусі пракаментавала журналістам той факт, што беларуская дыпламатка Алена Купчына не знайшла падтрымкі на выбарах генеральнага сакратара АБСЕ 11 ліпеня.

Цяпер пасаду, на якую прэтэндавала Купчына, будзе займаць швейцарскі дыпламат Томас Грэмінгер.

«Упершыню ў гісторыі АБСЕ прадстаўнік дзяржавы на « усход ад Вены» быў вылучаны ў якасці кандыдата на пасаду генеральнага сакратара гэтай арганізацыі», – падкрэсліў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

Ён адзначыў, што «уносячы сваю кандыдатуру, Рэспубліка Беларусь найперш кіравалася імкненнем зрабіць дадатковы ўнёсак у фармаванне атмасферы ўзаемнага даверу, дыялогу і ўмацавання АБСЕ«.

«Мы лічылі і працягваем лічыць, што беларускі кандыдат – наша амбасадарка ў Вене і раней намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Мікалаеўна Купчына – валодае ўсімі неабходнымі прафесійнымі якасцямі, каб эфектыўна ажыццяўляць кіраўніцтва сакратарыятам АБСЕ на цяперашнім складаным для арганізацыі этапе, ды і рэгіёну ў цэлым», – заявіў Мірончык.

Алена Купчына з 2006 года выконвала функцыі амбасадаркі Рэспублікі Беларусь у Вугоршчыне, а з 2008-га – у Славеніі. Цяпер яна ачольвае амбасаду ў Аўстрыі і па сумяшчальніцтве ў Харватыі.

Летась дыпламатка заяўляла, што Беларусь не ставіць мэту ўступіць у Еўразвяз і не хоча выбіраць паміж Усходам і Захадам.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў