МЗС пракаментавала зварот Кастусёва да Макея


Старшыня Партыі БНФ абмеркаваў у МЗС пытанні, звязаныя са святкаваннем 100-годдзя БНР. Кастусёў звяртаўся да МЗС праз сістэму «адно вакно».

На сённяшнім брыфінгу прэсавага сакратара Міністэрства замежных справаў журналіст «Народнай волі» запытаўся пра дату сустрэчы кіраўніка ведамства з Рыгорам Кастусёвым у справе абмеркавання ўдзелу дзяржавы ў святкаванні 100-годдзя БНР.

Пра гэта старшыня БНФ і сябра арганізацыйнага камітэту па святкаванні юбілею заявіў у эфіры «Белсату» ў аўторак.

«У адпаведнасці з заканадаўствам ува ўсіх дзяржаўных органах Беларусі працуе прынцып «Адно акно». Іх кіраўнікі праводзяць асабістыя прыёмы грамадзянаў. Такой магчымасцю скарыстаўся і спадар Кастусёў, які быў прыняты адным з намеснікаў міністра. Падчас сустрэчы ён перадаў зварот, у якім уздымаюцца пытанні ў дачыненні да аднаго з няпростых этапаў беларускай гісторыі», – сказаў Дзмітрый Мірончык.

«Сам спадар Кастусёў адзначыў, ані сярод гісторыкаў, ані ў грамадстве няма аднагалоснай згоды адносна ацэнак і значнасці таго, што адбывалася ў 1917-1919 гадах на тэрыторыі сучаснай Беларусі», – заявіў Мірончык.

«У такіх умовах мэтазгодна пакінуць гэтую тэму даследчыкам і гісторыкам», – дадаў прадстаўнік МЗС.

Паводле Мірончыка, дата сустрэчы Рыгора Кастусёва з Уладзімірам Макеям «прапрацоўваецца».

ДД

Стужка навінаў