МЗС Польшчы: «Дамова ануляваная». Дырэктар «Белсату»: «Мы выходзім у эфір – і гэта не зменіцца»


[vc_row][vc_column][vc_column_text]Агнешка Рамаўэшэўская-Гузы каментуе скасаванне дамовы Міністэрства замежных справаў Польшчы з Польскім тэлебачаннем у справе нашага каналу.

У аўторак польскае выданне «Rzeczpospolita» апублікавала тэкст аўтарства Марэка Зюлкоўскага (Marek Ziółkowski), які цяпер займае пасаду, адпаведную ўзроўню віцэ-міністра ў Міністэрстве замежных справаў. Сярод іншага, чыноўнік распавёў, што ранейшая дамова, падпісаная паміж МЗС і Польскім грамадскім тэлебачаннем (TVP) – ануляваная. «Мы ахвотна пачнем дыскусію з дасведчанаю беларускаю камандаю «Белсату» пра тое, як змяніць гэтыя медыі, каб яны маглі знайсці адпаведнага донара», – напісаў Зюлкоўскі.

Пры гэтым прадстаўнік міністэрства сцвярджае, што трансляцыя польскамоўнага каналу «TVP Polonia» мае ў Беларусі перспектывы, бо ў краіне «веданне (прынамсі пасіўнае) польскай мовы – шырокае». Таксама чыноўнік згадвае, што для грамадзянаў былога СССР польская прэса і фільмы доўгі час былі «акном у свет» і дагэтуль «гэты феномен жывы».

Дырэктар каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы лічыць, што тэкст прадстаўляе леташнюю пазіцыю Міністэрства замежных справаў.

«Пазіцыя змянілася ўва ўсяго МЗС – апроч міністра Зюлкоўскага», – кажа Рамашэўская-Гузы.

Паводле кіраўнічкі каналу, кантракт прадугледжвае разарванне дамоўленасцяў з паўгадавым папярэджаннем і надысці можа напрыканцы гэтага году. Гэта азначае, што новыя ўмовы фінансавання (а не існавання) з’явяцца ў 2018-м.

«З нашага пункту гледжання сёлета не змяняецца нічога, – кажа Рамашэўская-Гузы. – Увесь час мы намагаемся высветліць, колькі сродкаў плануе прызначыць МЗС на функцыянаванне «Белсату», бо ад гэтага залежыць шмат што. У любым выпадку тэлебачанне існуе надалей, мы выходзім у эфір – і гэта не зменіцца».

Дырэктар «Белсату» падкрэслівае, што пра скасаванне кантракту было вядома ўжо 2 тыдні таму. «Гэта не агучвалася, каб не выклікаць непатрэбныя хваляванні грамадскага меркавання і каментары, асабліва калі перад гэтым не будзе прагрэсу ў перамовах па справе наступнага кантракту. Мы чакаем на падрабязнасці наконт новага кантракту, але пакуль падрабязнасцяў не маем, бо перамовы працягваюцца. Мы маем удакладніць і ўсталяваць умовы функцыянавання каналу на 2018-ы. Калі казаць пра 17-ы год, то адзінае што неабходна – усталяваць памер фінансавання «Белсату» ці з боку МЗС, ці з боку іншых дзяржаўных установаў. У 2017-м вышэйшыя дзяржаўныя дзеячы Польшчы запэўнілі «Белсат», што канал будзе надалей выходзіць у эфір».

12 студзеня кіраўнік польскага Сенату Станіслаў Карчэўскі (Stanisław Karczewski) у інтэрв’ю выданню «Rzeczpospolita» заявіў, што будуць уведзеныя папраўкі, якія дазволяць прафінансаваць дзейнасць «Белсату» «паводле ранейшых варункаў».

5 студзеня дырэктарка «Белсату» Рамашэўская-Гузы размаўляла аб далейшым існаванні тэлеканалу з кіраўніцаю польскага ўраду Бэатай Шыдлай (Beata Szydło). «Думаю, што вы разам са мною будзеце задаволеныя тою інфармацыяй, якою я хачу падзяліцца: спадарыня прэм’ер запэўніла мяне, што «Белсату» нічога не пагражае. Цягам бліжэйшага месяца будзем вызначаць з МЗС далейшыя прынцыпы супрацы», – паведаміла Агнешка Рамашэўская-Гузы.

У размове з выданнем «wPolityce» прэм’ер-міністр Польшчы адзначыла, што перамовы ў справе «Белсату» працягваюцца.

«Цяпер ідзе пошук кампрамісу і новай формулы каналу – пачакаю вынікаў», – кажа Шыдла.

Агнешка Рамашэўская-Гузы лічыць, што ключавое заданне – утрыманне статусу спадарожнікавага тэлебачання. Яна падкрэслівае, што нягледзячы на тое, што канал фінансуецца пераважна Міністэрствам замежных справаў, фармальна «Белсат» – частка «Польскага тэлебачання», таму зліквідаваць канал можа толькі яно.

«Нашае існаванне не з’яўляецца справай міністра, – заяўляе Рамашэўская-Гузы. – Міністэрства можа толькі ў большай ці меншай ступені быць зацікаўленае ўва ўтрыманні такой ініцыятывы, і быць з яе задаволеным або незадаволеным».

Агнешка Рамашэўская-Гузы перакананая, што існаванне «Белсату» – важнае для ўсяго журналісцкага асяроддзя і, наагул, медыяпрасторы Беларусі.

«Мяркую, гэта нават важна для тых, хто не аддае сабе ў гэтым справу, і глядзіць на «Белсат» як на канкурэнта», – кажа дырэктар.

Паводле Рамашэўскай-Гузы, канал – адзін з наймацнейшых сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі, які аб’ядноўвае вельмі шырокія колы ўнутры Беларусі, а таксама будуе мост паміж суседняй краінай і наагул Заходняй Еўропай.

«Белсат» – супольная справа беларускіх і польскіх журналістаў. Я не беларуска, але кірую гэтай справай», – кажа Рамашэўская-Гузы.

Дырэктар кажа, што «Белсат» няспынна шукае формулы падыходу да гледачоў, а яны ў каналу – розныя: больш або менш адукаваныя, зацікаўленыя тымі або іншымі тэмамі. «Мы ўвесь час працуем метадам спробаў і памылак, эксперыментуем з тым, што для нашага гледача лепш і цікавей. І робім гэта пры вельмі абмежаваных фінансавых умоваў. Наш гадавы бюджэт – гэта пяць дзён працы каналу «Russia Today». Трэба прызнацца, што гэта няшмат. Але гэта лепш, чым нічога», – прызнаецца Рамашэўская-Гузы.

Дырэктар дадае, што на сёння «Белсат» зрабіў вельмі шмат, але «ўсцяж застаецца патрэбным».

Стужка навінаў