МЗС Літвы не раіць суддзям і пракурорам ездзіць у краіны-сатэліты Расеі

Wideo

Міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус. Фота ru.delfi.lt

Літоўскія ўлады не раяць суддзям і пракурорам выязджаць у Расею і яе краіны-сатэліты пасля таго, як 23 ліпеня Следчы камітэт (СК) Расеі распачаў крымінальную справу супраць працаўнікоў Генеральнай пракуратуры і суда Літвы аб прыцягненні да адказнасці загадзя невінаватага чалавека (ч. 2 арт. 299 КК РФ).

Гаворка ідзе пра расследаванне крымінальнай справы аб падзеях студзеня 1991 года ў Вільні. Літоўскія праваахоўнікі падазраюць больш за 60 былых вайскоўцаў Узброеных сіл СССР у здзяйсненні злачынстваў падчас спробы ўладаў СССР здушыць масавыя выступы прыхільнікаў незалежнасці Літвы. Тады ў выніку ўжывання сілы з боку савецкай арміі загінулі 14 цывільных асобаў, каля тысячы былі параненыя. З пункту гледжання СК Расеі, савецкія жаўнеры выконвалі свой службовыя абавязкі і дзейнічалі ў адпаведнай з заканадаўствам СССР.

Міністр замежных справаўЛітвы Лінас Лінкявічус заявіў, што гэтыя суддзі і пракуроры не павінны ездзіць у Расею і «сатэлітныя з ёю краіны».

«У Расею ездзіць небяспечна, паколькі яны могуць быць затрыманыя. Гэта тычыцца і сатэлітных з Расеяй краінаў. Гэта відавочная рэкамендацыя», – цытуе Delfi Л. Лінкявічуса. Канкрэтныя краіны, акрамя Расеі, у якіх літоўскім службовым асобам можа пагражаць небяспека, міністр пры гэтым адмовіўся назваць.

Генеральны пракурор Літвы Эвалдас Пашыліс назваў дзеянні СК Расеі спробай аказаць ціск на літоўскае правасуддзе.

«Гэтыя навіны я магу расцэньваць толькі як спробу запалохваннем крымінальным пераследам паўплываць на працу нашых пракурораў і суддзяў нашай дзяржавы. Гэта супярэчыць прынцыпам правасуддзя, якімі кіруюцца дэмакратычныя прававыя дзяржавы», – сказаў Пашыліс.

Старшыня Канстытуцыйнага суда Літвы Дайнюс Жалімас называе пародыяй на юстыцыю.

Генпракуратура Літвы прапаноўвае прызнаць былога міністра абароны СССР Дзмітрыя Язава вінаватым у злачынствах супраць чалавечнасці падчас падзеяў 13 студзеня і прапануе пакараць яго пажыццёвым зняволеннем. Пажыццёвае зняволенне таксама прапануецца ў якасці пакарання і яшчэ пяці абвінавачаным у злачынствах супраць чалавечнасці і ваенных злачынствах. Яшчэ 61 чалавека пракуроры просяць пакараць пазбаўленнем волі тэрмінамі ад 12 да гадоў.

Адзначым, што сярод фігурантаў справы аб падзеяў у Вільні ў студзені 1991 года ёсць 4 беларускія вайскоўцы. Сярод іх – генерал Уладзімір Усхопчык, адзін з асноўных абвінавачаных. Ён быў камандзірам 107-й мотастралковай дывізіі, якая 13 студзеня 1991 распачала штурм тэлевежы ў Вільні. Афіцыйны Менск адмаўляецца выдаваць яго праваахоўным органам Літвы.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары