МЗС: Інфармацыі пра беларусаў сярод пацярпелых у Ніцы на гэты момант няма


«На гэты момант адсутнічае інфармацыя пра беларусаў сярод пацярпелых у Ніцы», – паведаміла ў «Тўітэры» беларускае МЗС. Пасольства Беларусі ў Францыі працягвае адсочваць сітуацыю.

МЗС публікуе кантактныя тэлефоны пасольства Беларусі ў Францыі: +33 144 14 69 79; +33 609 78 41 40.

Указаныя таксама кантактныя тэлефоны Міжведамаснай крызіснай ячэйкі, створанай у МЗС Францыі для дапамогі пацярпелым грамадзянам замежных дзяржаў і семʼям загінулых замежнікаў: +33 143 17 56 46; +33 493 72 22 22.

Трагедыя адбылася ў Ніцы ўвечары 14-га ліпеня падчас святкавання Дня ўзяцця Бастыліі. Цяжкавік са зламыснікам за рулём выехаў на вялікай хуткасці на тратуар і працягваў рух праз натоўп цягам двух кіламетраў. Затым кіроўца цяжкавіка быў забіты паліцыяй. На гэты момант паведамляецца пра 84 загінулых, 18 чалавек знаходзяцца ў рэанімацыі ў вельмі цяжкім стане.

«Нельга адмаўляць, што напад у Ніцы звязаны з тэрарызмам», – заявіў прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд у адмысловым тэлезвароце, з якім ён выступіў у ноч на пятніцу.

Ёсць інфармацыя, што ў Ніцы загінула адна расейка, яшчэ адна жанчына з Расеі атрымала траўмы. Ёсць звесткі пра аднаго загінулага грамадзяніна Украіны.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў