МЗС Беларусі спадзяецца на адмену еўрапейскіх санкцыяў


Дыпламатычнае ведамства лічыць палітыку санкцыяў «контрпрадуктыўнаю» і «памылковаю».

«Санкцыі як інструмент вонкавай палітыкі адносна любой дзяржавы контрпрадуктыўныя і не спрыяюць дасягненню мэтаў, якія ў іх закладваюцца», – заявіў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык 24 верасня на брыфінгу ў Менску, каментуючы інфармацыю аб адмене еўрапейскіх санкцыяў адносна Беларусі.

Ён падкрэсліў, што аднабаковыя санкцыі супярэчаць міжнародным і прававым нормам ды прынцыпам, у тым ліку замацаваным у статуце ААН і Хельсінкскім заключным акце АБСЕ, піша belapan.by.

«Мы неаднаразова заяўлялі, што пастанова ЕЗ увесці абмежавальныя захады адносна Рэспублікі Беларусь непрымальная і ў корані памылковая. Нельга з партнёрам і суседам размаўляць моваю санкцыяў ды ўльтыматумаў», – зазначыў Мірончык.

Дыпламат падкрэсліў, што палітыка санкцыяў хутчэй падрывае давер да ЕЗ, чымся наносяць шкоду Беларусі і «неяк уплывае на сітуацыю». «Спадзяемся, што кіраўніцтва еўраструктураў і краінаў-чальцоў ЕЗ нарэшце ўсвядоміць бесперспектыўнасць ды марнасць санкцыяў і абмежаванняў адносна нашай краіны, і ўжо найбліжэйшым часам будуць прынятыя адпаведныя пастановы пра іх адмену, што адкрые дарогу для нармалізацыі нашых стасункаў з Еўразвязам», – заявіў прэс-сакратар МЗС.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў