МЗС Беларусі: Польскія тэлеканалы ў нас ужо ёсць. Вонкавапалітычнае ведамства вывучае пытанне транслявання «TVP Polonia»


Беларускае вонкавапалітычнае ведамства пацвердзіла інфармацыю аб польскай ініцыятыве ўключыць тэлеканал «TVP Polonia» ў беларускія кабельныя сеткі.

«Гэтае пытанне не зусім у кампетэнцыі МЗС: тут ёсць шэраг тэхнічных аспектаў, а таксама юрыдычных нюансаў, звязаных з выхадам на беларускі інфармацыйны рынак замежных медыяў. Усе яны патрабуюць сур’ёзнай прапрацоўкі, у тым ліку з улікам прынцыпу ўзаемнасці», – сказаў Дзмітрый Мірончык.

Гэткім чынам прэс-сакратар МЗС адказаў на просьбу «Tut.by» пракаментаваць словы міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага пра тое, што ў Беларусі можа пачаць трансляванне польскамоўны тэлеканал «TVP Polonia».

18 снежня міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўкі заявіў у інтэрв’ю выданню Wpolityce.pl, што ўрад замест тэлеканалу «Белсат» плануе стварыць адзіны канал транслявання для палякаў замежжа.

«Альтэрнатыва – гэта тое, што прапаноўваюць беларусы, трансляванне «TVP Polonia» на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Такім чынам беларускае грамадства змагло б убачыць, як выглядае жыццё ў суседняй краіне», – заявіў польскі міністр.

Прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык таксама адзначыў, што польскія тэлеканалы ўжо даўно дасяжныя на значнай частцы тэрыторыі Беларусі. Паводле прадстаўніка МЗС, «сучасныя тэхналогіі дазваляюць глядзець іх у любой кропцы нашай краіны».

На пытанне «Tut.by», ці прасіў беларускі бок спыніць вяшчанне «Белсату», Дзмітрый Мірончык заявіў: «Белсат» – гэта польскі праект. З пачатку і да канца. Таму ўсе пытанні пра яго – да нашых польскіх партнёраў.

ПАДТРЫМАЙ «БЕЛСАТ»! ПАДПІШЫ ПЕТЫЦЫЮ!

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары