МЗС Беларусі патлумачыла, чаму нашая краіна прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН па Крыме


Міністэрства замежных справаў Беларусі патлумачыла прычыны нежадання падтрымаць на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН рэзалюцыю «Сітуацыя з правамі чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і г. Севастопаль (Украіна)».

«Беларусь заўсёды галасавала супраць любых краінавых рэзалюцыяў. Гэта прынцыповая пазіцыя. Мы на ўласным вопыце даведаліся, што значыць штучная палітызацыя, раздзіманне праблемаў, якіх у рэальнасці няма ў грамадстве і дзяржаве», – заявіў начальнік аддзелу прэс-службы МЗС Беларусі Андрэй Шупляк.

Беларускі дыпламат дадаў, што Генасамблея ААН не з’яўляецца месцам для абмеркавання і прыняцця падобных дакументаў. «Галасаванне супраць краінавых рэзалюцый – не сведчанне бяздушнасці Беларусі адносна заклапочанасці ініцыятараў дакументу. Галасаванне супраць гэтага інструменту – спроба прыцягнуць увагу не толькі да неэфектыўнасці, але і разбуральных наступстваў дакументу», – падсумаваў Шупляк.

За абноўленую рэзалюцыю «Сітуацыя з правамі чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і г. Севастопаль (Украіна)» прагаласавалі 70 краінаў, устрымаліся – 76, супраць – 26, у тым ліку, Расея, Арменія, Беларусь, Сербія, Кітай, Індыя Казахстан.

ЮВ, belsat.eu, паводле mfa.gov.by

Стужка навінаў