МЗС Беларусі непакоіцца: у Вялікай Брытаніі ціск на СМІ, а ў ЗША – на мірныя сходы


Міністэрства замежных справаў выдала штогадовы даклад «Найбольш рэзанансныя выпадкі парушэння правоў чалавека ў асобных краінах свету».

У справаздачы крытыкуецца большасць краінаў Еўразвязу, Швейцарыя, Нарвегія, Канада і ЗША.

Так, паводле беларускіх дыпламатаў, у Румыніі і Вялікай Брытаніі – праблема са свабодай прэсы. А ў Эстоніі журналістаў аднаго з тэлеканалаў не пусцілі на штогадовую прэс-канферэнцыю ўраду, бо тыя не мелі акрэдытацыі, заўважае МЗС. Таксама заўважае, што ў Нямеччыне не ўсё добра са свабодай выражэння меркавання. У Канадзе ж, ЗША, Францыі, Швецыі і Польшчы парушаецца права на мірныя сходы, напісана ў справаздачы.

Агулам дакумент налічвае 93 старонкі.

Цікава, што зусім нядаўна міжнародная Amnesty International заявіла, што свабода выражэння меркавання значна пагоршылася ў самой Беларусі. Праваабарончая арганізацыя звяртае ўвагу на суды над журналістамі «за працу без акрэдытацыі», альбо папросту за супрацу з замежнымі СМІ.

Прадстаўляючы даклад міністр замежных справаў Уладзімір Макей звяртае ўвагу на тое, што прэтэнзіі наконт парушэння правоў чалавека скіраваныя абсалютна да ўсіх урадаў.

«Застаецца адкрытым пытанне трактоўкі гвалтоўных дзеянняў у кожнай канкрэтнай краіне так званымі праваабаронцамі ці замежнымі дзяржавамі, якія самастойна ўзялі на сябе месіянскую задачу прасоўваць канцэпцыі правоў чалавека. І калі ідэалізм і добрыя намеры першых яшчэ неяк могуць быць апраўданыя, то дзеянні другіх не могуць быць ахарактарызаваныя інакш як крывадушнасць, падвойныя стандарты і ідэалагічны імперыялізм», – адзначае Макей.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў