МЗС Беларусі ладзіць выставу «Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому…»

video

Мітынг 24 сакавіка 1996 г. Выступае Васіль Быкаў. Фота Георгія Ліхтаровіча

Падрабязнасці пра выставу паведаміў журналістам прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

«У Міністэрстве замежных справаў Беларусі 20 чэрвеня а 15:30 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры «Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому…», прымеркаванай да 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Выставу адкрые намеснік міністра замежных справаў Алена Купчына», – сказаў Дзмітрый Мірончык.

Дзмітрый Мірончык распавёў, што выставачны праект «Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому…» створаны паводле апошняй кнігі пісьменніка, аўдыёверсію якой запісалі ў студыі радыё «Свабода». Паслухаць можна тут >>>

«Аўтары фотапрацаў – розныя людзі, у тым ліку малодшы сын пісьменніка – Васіль Быкаў; гісторык мастацтва, намеснік дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музею Валерый Шышанаў; дарадца амбасады Беларусі ў ФРГ Аляксей Жбанаў ды першы сакратар амбасады ў Чэхіі Андрэй Кухарчык… На цырымонію адкрыцця запрошаныя кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычных місіяў, а таксама прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі», – сказаў прэс-сакратар МЗС Беларусі.

Бескампраміснасць прозы Быкава нярэдка станавілася прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала пісьменніка ў ачарненні савецкага ладу.

Васіль Быкаў быў заснавальнікам Партыі БНФ, дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, народным дэпутатам СССР, прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру, а ў 1990-м быў абраны прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Нападкі на Васіля Быкава, якія пісьменнік зазнаў на радзіме ў сярэдзіне 1990-х, і стан здароўя сталі прычынай яго выезду за мяжу.

Апошнія гады жыцця Васіль Быкаў жыў Чэхіі, Фінляндыі і Нямеччыне. Пісьменнік памёр 22 чэрвеня 2003 года а 20:30 у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнага шпіталю ў Бараўлянах, пад Менскам.

«Смерць Быкава вельмі яскрава адлюстравала сітуацыю ў Беларусі. 3 аднаго боку узрушаны народ, які прыйшоў правесці ў апошні шлях свайго вялікага пісьменніка. 3 другога – кучка выжылай з розуму антыбеларускай улады, якая адмовілася прыняць удзел у пахаванні і развітацца з Быкавым, бо ненавідзела беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, які тут быў паўсюдна з чорнымі стужкамі, – узгадвае пахаванне Быкава яго блізкі сябар Зянон Пазняк. – «Улады» ў асобе міністра культуры і генералаў, убачыўшы беларускія нацыянальныя сцягі, заявілі, што пакідаюць жалобнае развітанне. Забралі нават свой афіцыйны катафалк, а Лукашэнка– свой няшчыры вянок. Праўда, назаўтра пасля пахавання гэты вянок з расейскім надпісам «Президент Республики Беларусь А.Лукашенко» зʼявіўся ўжо на Усходніх могілках, і каля яго выставілі варту».

Дакументальная стужка пра апошнія дні Васяля Быкава

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары