МЗС: Беларусь пакуль не атрымлівала афіцыйнай прапановы накіраваць ваенных назіральнікаў у Сірыю


Беларусь пакуль не атрымлівала афіцыйнай прапановы ад Расеі накіраваць сваіх ваенных назіральнікаў у Сірыю. Пра гэта заявіў начальнік упраўлення інфармацыі – прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык на брыфінгу ў чацвер у Менску, перадае Tut.by

«Пакуль мы не атрымлівалі якіх-небудзь афіцыйных прапаноў па лініі СНД накіраваць назіральнікаў у Сірыю. Дэталёвая інфармацыя па фармаце, складу, задачам, размяшчэнні планаваных міратворчых сіл патрэбна ў любым выпадку», – сказаў Мірончык.

Ён адзначыў, што дзеянні па адпраўцы кантынгенту павінны ажыццяўляцца на падставе мандата Рады бяспекі ААН, гэта зафіксавана і ў заканадаўстве Беларусі, і ў пагадненні міратворчай дзейнасці АДКБ.

«Давайце пакуль не будзем каментаваць такія важныя заявы на падставе адных толькі публікацый у СМІ», – заклікаў прадстаўнік МЗС.

Нагадаем, 5 ліпеня кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах па Сірыі ў Астане, спецпрадстаўнік прэзідэнта па сірыйскім урэгуляванні Аляксандр Лаўрэнцьеў паведаміў, што Расея звярнулася да краін СНД з прапановай разгледзець пытанне аб накіраванні кантынгенту для маніторынгу ў Сірыі.

КА, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў