МЗС адрэагаваў на аўстралійскае даследаванне пра наяўнасць рабоў у Беларусі


Прэс-сакратар беларускага МЗС назваў «забаўным» даследаванне, у якім гаворыцца пра 44 600 рабоў у нашай краіне.

Mironchyk

Даследаванне «Global Slavery Index» аўстралійскай праваабарончай кампаніі «Walk Free Foundation» было апублікаванае ў канцы траўня. Аўтары сцвярджаюць, што ў Беларусі 44 600 рабоў.

Прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык назваў даследаванне «забаўным».

«Першае пытанне, якое ўзнікла: гэтыя людзі былі ў Беларусі? А калі былі, то на якім рэчавым рынку яны лічылі рабоў па галовах?», – запытаўся прэс-сакратар.

Ён адзначыў, што згодна з дакументам, толькі ў некалькіх краінах налічваецца менш рабоў, чым у Аўстраліі. Напрыклад, у Нарвегіі праваабаронцы налічылі 900 рабоў, а ў Ісландыі – 400.

«Такая дакладнасць прадугледжвае ледзь не пайменны спіс. Спіс у студыю!» – заявіў прэс-сакратар.

Прадстаўнік МЗС адзначыў, што Беларусь выконвае свае абавязкі па канвенцыям аб барацьбе з рабствам і ні разу не падвяргалася крытыцы ў гэтым пытанні.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў